Экл 6
 1  Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, і цяжкае яно для чалавека: 
 2  Чалавек, якому Бог дае багацьце, i маёмасьць, i славу, i няма нiякай нястачы для душы ягонай нi ў чым, чаго не пажадаў бы ён, і не дае яму Бог улады, каб спажыць гэта, але чужы чалавек спажывае тое. Гэта марнасьць i ліхая немач. 
 3  Калi б нарадзiў чалавек сто [дзяцей], i пражыў шмат гадоў, i было б шмат дзён гадоў ягоных, але душа ягоная не насыцiлася дабром, i нават не было б магілы для яго, я скажу, што лепшая [доля] спарона, чым таго [чалавека]. 
 4  Бо ён прыйшоў як марнасьць, i ў цемру ідзе, і цемраю пакрыта iмя ягонае, 
 5  нават ня ўбачыў ён сонца, i нічога не спазнаў, [але] мае большы спакой, чым [чалавек] той. 
 6  І хоць бы той [чалавек] жыў дзьве тысячы гадоў, i ня ўбачыў дабра, цi ж не ў адно месца ўсе ідуць? 
 7  Уся цяжкая праца чалавека — дзеля вуснаў ягоных, але душа ягоная не насычаецца. 
 8  Бо чым лепшы мудры за дурня? Чым [лепшы] прыгнечаны, які ведае, як хадзiць перад жывымi? 
 9  Лепш тое, што бачаць вочы, чым тое, куды імкнецца душа. Таксама гэта — марнасьць i пагоня за ветрам. 
 10  Хто як названы, такое iмя ягонае; i вядома, што ён — чалавек, i ня можа ён судзіцца з тым, хто мацнейшы за яго. 
 11  Дзе шмат слоў, там памнажаецца марнасьць; i што мае з гэтага чалавек? 
 12  Бо хто ведае, што добра для чалавека ў жыцьцi, у палічаных днях марнага жыцьця, якое праходзіць, як цень? І хто распавядзе чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам?