Пс 5
 1  Кіраўніку хору: на флейтах. Псальм Давіда. 
 2  Прыхілі вуха да словаў маіх, ГОСПАДЗЕ, зваж на ўздыханьне маё. 
 3  Выслухай голас крыку майго, Валадару мой і Божа мой, бо я да Цябе малюся. 
 4  ГОСПАДЗЕ, раніцаю пачуй голас мой; на досьвітку стану перад Табою і буду выглядаць. 
 5  Бо Ты – Бог, Якому недаспадобы няправасьць; злыдзень ня будзе жыць пры Табе! 
 6  Тыя, што хваляцца сабою, ня ўстояць перад вачыма Тваімі, Ты ненавідзіш усіх злачынцаў. 
 7  Ты зьнішчаеш хлусьлівых; крыважэрнымі і падступнымі брыдзіцца ГОСПАД. 
 8  А я праз вялікую міласэрнасьць Тваю ўвайду ў дом Твой, і ў страху Тваім пакланюся ў сьвятыні сьвятасьці Тваёй. 
 9  ГОСПАДЗЕ, вядзі мяне ў праведнасьці Тваёй; насупраць ворагам маім выпрастуй шлях Твой перад абліччам маім. 
 10  Бо няма шчырасьці ў вуснах іхніх; нутро іхняе — распуста; горла іхняе — магіла адчыненая; языком сваім ашукваюць. 
 11  Абвінаваць іх, Божа! Няхай загінуць яны ад намераў сваіх! За мноства правінаў іхніх адкінь Ты іх, бо яны збунтаваліся супраць Цябе. 
 12  І няхай радуюцца ўсе, якія ў Табе маюць надзею; няхай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і няхай узрадуюцца ў Табе тыя, якія любяць імя Тваё. 
 13  Бо Ты дабраслаўляеш праведнага, ГОСПАДЗЕ, і ўпадабаньнем Тваім, як шчытом, засланяеш яго.