Пс 16
 1  Залатая песьня Давіда. Захавай мяне, Божа, бо я ў Табе маю надзею. 
 2  Кажу я да ГОСПАДА: “Ты – Госпад мой; добрасьць мая нішто перад Табою”. 
 3  Да сьвятых, якія на зямлі, і да слаўных [Тваіх], да іх усё імкненьне маё. 
 4  Памножацца прыкрасьці ў тых, што сьпяшаюцца за чужым [богам]; я ня буду выліваць ахвяры іх крывавае, ані імёнаў іхніх браць у вусны мае. 
 5  ГОСПАД – частка долі маёй і келіху [майго]; Ты трымаеш лёс мой. 
 6  Шнуры мае выпалі ў цудоўных [мясьцінах], і спадчына прыемная для мяне. 
 7  Буду дабраслаўляць ГОСПАДА, Які радзіць мне, і ўначы ўшчуваюць мяне ныркі мае. 
 8  Маю я ГОСПАДА перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, дык не пахіснуся. 
 9  Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё і радуецца слава мая, нават цела маё супачыне бясьпечна, 
 10  бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятомуТвайму ўбачыць парахненьне. 
 11  Ты дасі мне ведаць шлях жыцьця; перад абліччам Тваім поўня радасьці, праваруч Цябе раскоша заўсёды.