Пс 23
 1  Псальм Давіда. ГОСПАД ёсьць Пастыр мой, ні ў чым ня буду мець нястачы! 
 2  На пашах зялёных Ён пасьвіць мяне, да водаў спакойных накіроўвае мяне. 
 3  Ён аднаўляе душу маю, на сьцежкі праведнасьці вядзе мяне дзеля імя Свайго. 
 4  Нават калі буду ісьці далінаю ценю сьмерці, ня буду баяцца ліха, бо Ты са мною, Твой кій і Твая падпора, яны мяне пацяшаюць. 
 5  Ты прыгатаўляеш перад абліччам маім стол насуперак тым, якія ўціскаюць мяне; галаву маю Ты памазаў алеем і келіх мой да верху наліты. 
 6  Толькі добрасьць і міласэрнасьць Твая будуць ісьці са мною ўсе дні жыцьця майго; і ў доме ГОСПАДА буду жыць доўгія дні.