Пс 26
 1  Давіда. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на ГОСПАДА спадзяваўся, не хістаючыся. 
 2  Выпрабуй мяне, ГОСПАДЗЕ, і дасьведчы; ачысьці ныркі мае і сэрца маё! 
 3  Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і я хаджу ў праўдзе Тваёй. 
 4  Я не сядзеў з людзьмі марнымі, і з крывадушнымі ня буду ўваходзіць. 
 5  Я ненавідзеў сходы злачынцаў, і з бязбожнікамі ня буду сядзець [разам]. 
 6  Я абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду вакол ахвярніку Твайго, ГОСПАДЗЕ, 
 7  каб голасна дзякаваць Табе і абвяшчаць ўсе цуды Твае. 
 8  ГОСПАДЗЕ, я ўлюбіў сядзібу дому Твайго і месца сялібы славы Тваёй. 
 9  Не забяры душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі, 
 10  у руках якіх брыдота, правіца якіх напоўнена хабарамі. 
 11  А я буду хадзіць у беззаганнасьці маёй. Выбаў Ты мяне і зьлітуйся нада мною! 
 12  Нага мая на роўным [месцы] стаіць; у зграмаджэньнях я буду дабраслаўляць ГОСПАДА.