Пс 29
 1  Псальм Давіда. Аддайце ГОСПАДУ, сыны Божыя, аддайце ГОСПАДУ славу і моц! 
 2  Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, пакланіцеся ГОСПАДУ у велічы сьвятасьці! 
 3  Голас ГОСПАДА над водамі; Бог славы загрымеў, ГОСПАД над водамі шматлікімі. 
 4  Голас ГОСПАДА магутны, голас ГОСПАДА велічны. 
 5  Голас ГОСПАДА крышыць кедры, ГОСПАД крышыць кедры Лібанскія, 
 6  і прымушае іх скакаць, быццам цяляты, Лібан і Сірыён, як маладых буйвалаў. 
 7  Голас ГОСПАДА выкрасае полымя агню. 
 8  Голас ГОСПАДА ўстрасае пустыняй, ГОСПАД устрасае пустыняй Кадэш. 
 9  Ад голасу ГОСПАДА лані зьлягаюць і лясы асыпаюцца, і ў сьвятыні Ягонай усё кажа: Слава! 
 10  Над патопам сядзеў ГОСПАД, і будзе сядзець ГОСПАД, як Валадар, навекі! 
 11  ГОСПАД дасьць сілу народу Свайму, ГОСПАД дабраславіць народ Свой супакоем.