Пс 35
 1  Давіда. Змагайся, ГОСПАДЗЕ, з тымі, якія ідуць супраць мяне; ваюй супраць тых, што ваююць са мною. 
 2  Вазьмі шчыт і панцыр, і паўстань на ўспамогу мне. 
 3  І схапі дзіду, і загарадзі дарогу тым, якія перасьледуюць мяне. Скажы душы маёй: “Я — збаўленьне тваё”. 
 4  Няхай асаромяцца і будуць у сораме тыя, што шукаюць душу маю; няхай адступяцца і будуць у ганьбе тыя, што надумалі ліхое супраць мяне. 
 5  Няхай будуць яны, як мякіна пад ветрам, і анёл ГОСПАДАЎ няхай гоніць іх. 
 6  Няхай шлях іхні будзе цёмны і сьлізкі, і анёл ГОСПАДАЎ няхай перасьледуе іх. 
 7  Бо яны без прычыны таемна [наставілі] на мяне ў яме сетку сваю, без прычыны выкапалі яму для душы маёй. 
 8  Няхай прыйдзе на яго загуба нечакана, няхай сетка, якую ён таемна [наставіў], зловіць яго, няхай на загубу ўваліцца ён. 
 9  А мая душа будзе радавацца ў ГОСПАДЗЕ, будзе цешыцца збаўленьнем сваім. 
 10  Усе косткі мае скажуць: “ГОСПАДЗЕ, хто падобны да Цябе, Які ратуеш прыгнечанага ад дужэйшага за яго, беднага і прыгнечанага — ад таго, хто яго абдзірае? 
 11  Паўстаюць сьведкі няправасьці, пра тое, чаго я ня ведаю, выпытваюць мяне, 
 12  плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая. 
 13  А я падчас нядужасьці іхняе апранаўся ў зрэбніцу, пастом прыгнятаў душу маю, і малітва мая вярталася ў грудзі мае. 
 14  Быццам ён быў прыяцель, брат мой, хадзіў я [да яго]; як у жалобе па маці, сумаваў я ў смутку. 
 15  Але калі я пачаў падаць, яны ўзрадаваліся і сабраліся разам, сабраліся разам супраць мяне, каб біць [мяне], і я ня ведаў [гэтага], зьневажалі [мяне] і не маўчалі. 
 16  Разам з крывадушнікамі насьмешнікі банкетуюць, скрыгочуць на мяне зубамі сваімі. 
 17  Госпадзе, як доўга будзеш глядзець [на гэта]? Адвядзі ад загубы іхняй душу маю, [вызваль] ад львянят адзіную маю. 
 18  Буду славіць Цябе ў грамадзе вялікай, сярод народу магутнага буду хваліць Цябе. 
 19  Няхай ня радуюцца з мяне тыя, што варагуюць са мною няслушна, няхай не міргаюць вачыма тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны. 
 20  Бо не пра супакой гавораць яны і супраць ціхіх на зямлі падступныя словы надумляюць. 
 21  Шырока разявіўшы вусны свае супраць мяне, яны казалі: “Ага, ага! Бачыла вока нашае!” 
 22  Ты бачыў гэта, ГОСПАДЗЕ! Дык не маўчы, Госпадзе, не аддаляйся ад мяне! 
 23  Збудзіся! Абудзіся на суд мой, Бог мой і Госпад мой, каб [весьці] справу маю! 
 24  Судзі мяне паводле праведнасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, і няхай яны ня радуюцца, [гледзячы] на мяне, 
 25  няхай ня скажуць у сэрцы сваім: “Ага! Душа наша [гэтага хацела]!” Няхай яны ня скажуць: “Мы праглынулі яго!” 
 26  Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай у ганьбу і сорам апрануцца тыя, што вывышаюцца нада мною. 
 27  Няхай весяляцца і радуюцца тыя, якім даспадобы праведнасьць мая, і няхай яны кажуць заўсёды: “Будзь узьвялічаны, ГОСПАД, Якому даспадобы супакой слугі Ягонага!” 
 28  А язык мой будзе выказваць праведнасьць Тваю і хвалу Тваю кожны дзень.