Пс 65
 1  Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Сьпеў. 
 2  Табе, Божа, прыналежыць хвала на Сыёне; і Табе будуць споўненыя абяцаньні. 
 3  Ты чуеш малітву, да Цябе ўсякае цела імкнецца. 
 4  Справы беззаконныя перамаглі мяне, але Ты дараваў нам правіны нашыя. 
 5  Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і наблізіў, каб жыў ён на панадворках Тваіх; мы будзем насычацца даброцьцем дому Твайго, сьвятой сьвятыні Тваёй. 
 6  Страшнымі [ўчынкамі] у праведнасьці Ты адказваеш нам, Божа збаўленьня нашага, пэўнасьць усіх канцоў зямлі і далёкага мора, 
 7  Які ўгрунтаваў горы сілаю Сваёй, Які падперазаны магутнасьцю, 
 8  Які ўсьцішаеш шум мора, шум хваляў ягоных і мноства народу. 
 9  І будуць баяцца знакаў Тваіх жыхары канцоў сьвету, землі на ўсходзе і на захадзе Ты разьвесяляеш. 
 10  Ты адведаў зямлю і напаіў яе, Ты ўзбагаціў яе Божым струмянём, напоўненым водамі. Ты прыгатаваў збожжа на ёй, бо гэтак угрунтаваў яе. 
 11  Ты насычаеш разоры яе і разраўноўваеш скібы яе, кроплямі дажджу разьмякчаеш яе, парастак яе дабраслаўляеш. 
 12  Ты ўкаранаваў год дабром Тваім, і сьцежкі Твае разьліваюць тлустасьць, 
 13  разьліваюць на пашы ў пустыні, і ўзгоркі падпярэзваюцца радасьцю, 
 14  апранаюцца ў чароды авечак, і даліны атуляюцца збожжам, радасна гукаюць і сьпяваюць.