Пс 84
 1  Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Сыноў Караха. Псальм. 
 2  Як умілаваныя сялібы Твае, ГОСПАД Магуцьцяў! 
 3  Прагне і тужыць душа мая па панадворках ГОСПАДА; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым. 
 4  Нават птушка адшукала дом, ластаўка — гняздо для сябе, дзе птушанятак сваіх укладае: ля ахвярнікаў Тваіх, ГОСПАД Магуцьцяў, Валадар мой і Бог мой! 
 5  Шчасьцівыя тыя, што жывуць у доме Тваім, заўсёды яны выхваляюць Цябе. (Сэлях) 
 6  Шчасьлівы чалавек, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога [да Цябе]! 
 7  Праходзячы далінаю Бака, яны адкрываюць крыніцы, і дождж раньні пакрывае яе дабраслаўленьнем. 
 8  Ідуць яны ад сілы да сілы, і прыходзяць да Бога на Сыён. 
 9  ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, пачуй малітву маю! Прыхілі вуха, Божа Якубавы! (Сэлях) 
 10  Божа, шчыце наш! Зірні і паглядзі на аблічча памазанца Твайго! 
 11  Бо [адзін] дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу [іншых]; я выбіраю стаяць ля парога ў доме Божым, чым жыць у намётах беззаконьня. 
 12  Бо ГОСПАД Бог ёсьць сонца і шчыт; ГОСПАД дае ласку і славу, і не адмовіць дабра аніякага тым, што ў беззаганнасьці ходзяць. 
 13  ГОСПАД Магуцьцяў! Шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца!