Пс 92
 1  Псальм. Сьпеў на дзень суботы. 
 2  Добра славіць ГОСПАДА і выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы! 
 3  Апавядаць раніцаю міласэрнасьць Тваю, і вернасьць Тваю — ўначы, 
 4  на дзесяціструнным псалтыры і на гусьлях граючы. 
 5  Бо Ты ўзьвесяліў мяне, ГОСПАДЗЕ, справамі Тваімі, творам рук Тваіх буду радавацца. 
 6  Якія вялікія ўчынкі Твае, ГОСПАДЗЕ; вельмі глыбокія думкі Твае. 
 7  Чалавек бязглузды ня будзе ведаць, і дурань не зразумее гэтага. 
 8  Калі бязбожнікі зелянеюць, як трава, і ўсе ліхадзеі квітнеюць, няхай будуць яны зьнішчаны на вякі! 
 9  А Ты, ГОСПАДЗЕ, узвышаны навекі! 
 10  Бо вось ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, бо вось ворагі Твае загінуць, і будуць расьцярушаныя ўсе ліхадзеі. 
 11  І Ты ўзнясеш мой рог, як у аднарога, я буду памазаны сьвежым алеем. 
 12  Будуць глядзець вочы мае на ворагаў маіх, і пра злачынцаў, якія паўсталі супраць мяне, пачуюць вушы мае. 
 13  Праведнік быццам пальма зелянее, ён расьце, як той кедр на Лібане. 
 14  Насаджаныя ў доме ГОСПАДА, зелянеюць на панадворках Бога нашага. 
 15  Яны плод свой даюць і ў старасьці, яны сакавітыя і сьвежыя, 
 16  каб абвяшчаць, што ГОСПАД справядлівы, скала мая, і няма ў Ім беззаконьня.