Пс 94
 1  Божа помсты, ГОСПАДЗЕ, Божа помсты, зазьзяй! 
 2  Узьніміся, Судзьдзя зямлі, аднагародзь пыхліўцам за тое, што зрабілі яны! 
 3  Дакуль бязбожнікі, ГОСПАДЗЕ, дакуль бязбожнікі будуць радавацца? 
 4  [Дакуль] будуць плявузгаць, гаварыць дзёрзка, прамаўляць усе злачынцы. 
 5  Яны крышаць народ Твой, ГОСПАДЗЕ, прыціскаюць спадчыну Тваю. 
 6  Удоваў і прыхадняў мардуюць і сіротаў забіваюць, 
 7  і кажуць: “Ня ўбачыць гэтага ГОСПАД, і не даведаецца Бог Якубавы!” 
 8  Зразумейце, бязглуздыя з народу! І калі, бязглуздыя, паразумнееце? 
 9  Ці ж Той, Які вуха стварыў, не пачуе? Ці ж Той, Які вока ўфармаваў, ня ўбачыць? 
 10  Ці ж Той, Які навучае народы, ня будзе караць, Той, Які вучыць чалавека ведам? 
 11  ГОСПАД ведае думкі чалавечыя, што яны — марнасьць. 
 12  Шчасьлівы чалавек, якога Ты, ГОСПАДЗЕ, навучаеш і вучыш яго закону Твайму, 
 13  каб быў ён у супакоі ў дні ліхія, пакуль выкапаны будзе дол для бязбожніка. 
 14  Бо не адкіне ГОСПАД народ Свой, і спадчыну Сваю не пакіне. 
 15  Бо зьвернецца суд да справядлівасьці, і пойдуць за ім усе правыя сэрцам. 
 16  Хто за мяне супраць злачынцаў паўстане? Хто заступіцца за мяне супраць тых, што робяць злачынства? 
 17  Калі б ГОСПАД ня быў успамогай мне, хутка душа мая пасялілася б у [месцы] маўчаньня. 
 18  Калі я сказаў: “Хістаецца нага мая!”, міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, ўмацавала мяне. 
 19  Калі мноства цяжкіх думак у нутры маім, пацяшэньні Твае падбадзёрваюць душу маю. 
 20  Ці ж можа таварышаваць з Табою пасад загубы, які чыніць ліхоцьце супраць пастановы [Тваёй]? 
 21  Яны зьбіраюцца супраць душы праведніка і кроў нявінную асуджаюць. 
 22  Але ГОСПАД стаўся умацаваным замкам для мяне, і Бог мой — скалой прыстанішча майго. 
 23  І зьверне Ён на іх злачынства іхняе, і ў ліхоце іхняй вынішчыць іх; вынішчыць іх ГОСПАД, Бог наш.