Пс 148
 1  Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА з неба, хвалеце Яго на вышынях! 
 2  Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя! Хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя! 
 3  Хвалеце Яго, сонца і месяц, хвалеце Яго, усе зоркі ясныя! 
 4  Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў, і вы, воды, што па-над нябёсамі! 
 5  Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо Ён загадаў, і былі створаныя, 
 6  і паставіў іх на вякі вечныя; даў ім пастанову, і не пераступяць яе. 
 7  Хвалеце ГОСПАДА з зямлі, цмокі і ўсе бяздоньні, 
 8  агонь і град, сьнег і туман, вецер бурны, які дзее паводле слова Ягонага, 
 9  горы і ўзгоркі ўсе, дрэвы пладовыя і кедры ўсе, 
 10  зьвяры і ўся скаціна, паўзуны і птаства крылатае, 
 11  валадары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямлі, 
 12  юнакі разам з дзяўчатамі, старыя і маладыя. 
 13  Няхай яны хваляць імя ГОСПАДА, бо толькі Ягонае імя ўзьвялічанае, слава Ягоная над зямлёю і небам! 
 14  Ён узьняў рог народу Свайго. Хвала Яму ад усіх багабойных Ягоных, ад сыноў Ізраіля, ад народу, блізкага Яму! Альлелюя!