Бц 16
 1  А Сарай, жонка Абрама, не нараджала яму. І мела яна нявольніцу Эгіпцянку, а імя ейнае — Агар. 
 2  І сказала Сарай Абраму: “Вось жа, замкнуў ГОСПАД мяне, каб я не нараджала. Дык увайдзі да нявольніцы маёй, можа ад яе атрымаю [дзіця]”. І паслухаў Абрам голасу Сарай. 
 3  І ўзяла Сарай, жонка Абрама, Агар Эгіпцянку, нявольніцу сваю, калі мінула дзесяць гадоў жыцьця Абрама ў зямлі Ханаан, і дала яе Абраму, мужу свайму, за жонку. 
 4  І ён увайшоў да Агары, і яна зачала, і ўбачыла, што зачала, і стала пагарджаць гаспадыняй сваёй у вачах сваіх. 
 5  І сказала Сарай Абраму: “Крыўда мая праз цябе! Я дала табе нявольніцу маю на ўлоньне тваё, і яна ўбачыла, што зачала, і стала пагарджаць мною ў вачах сваіх. Няхай ГОСПАД судзіць паміж мной і табой”. 
 6  І сказаў Абрам Сарай: “Вось, нявольніца твая ў руцэ тваёй, рабі з ёй, што добра ў вачах тваіх”. І Сарай стала ўціскаць яе, і яна ўцякла ад аблічча яе. 
 7  І знайшоў яе анёл ГОСПАДАЎ каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы пры дарозе на Шур, 
 8  і сказаў: “Агар, нявольніца Сарай, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш?” Яна адказала: “Ад аблічча Сарай, гаспадыні маёй, я ўцякаю”. 
 9  І сказаў ёй Анёл ГОСПАДАЎ: “Вярніся да гаспадыні сваёй і скарыся пад руку яе”. 
 10  І сказаў ёй Анёл ГОСПАДАЎ: “Памнажаючы, памножу насеньне тваё, нельга будзе палічыць яго з прычыны мноства”. 
 11  І сказаў ёй Анёл ГОСПАДАЎ: “Вось, ты зачала і народзіш сына, і назавеш імя яго Ізмаэль, таму што ГОСПАД пачуў пра уціск твой. 
 12  І будзе ён чалавекам, [падобным да] дзікага асла, рука ягоная супраць усіх, і рукі ўсіх — супраць яго; і будзе ён жыць перад абліччам усіх братоў сваіх”. 
 13  І назвала яна імя ГОСПАДА, Які прамаўляў да яе: “Ты — Бог, Які бачыць мяне”. Бо сказала яна: “Ці ня тут я бачыла Таго, Які бачыць мяне”. 
 14  Дзеля таго калодзеж гэты назвалі Бээр-Ляхай-Рой. Вось, ён паміж Кадэшам і Барэдам. 
 15  І нарадзіла Агар Абраму сына. І назваў Абрам імя сына свайго, якога нарадзіла яму Агар, Ізмаэль. 
 16  І Абрам меў восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Ізмаэля Абраму.