Бц 25
 1  I зноў узяў Абрагам жонку, а імя ейнае — Кетура. 
 2  I нарадзіла яна яму Зімрана, і Ёкшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха. 
 3  А Ёкшан нарадзіў Шэву і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леўмім. 
 4  А сынамі Мадыяна — Эфа, і Эфэр, і Ханох, і Авіда, і Эльдаа. Усі яны — сыны Кетуры. 
 5  I аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку. 
 6  А сынам наложніцаў, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дары, і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю. 
 7  I вось дні гадоў жыцьця Абрагама, якія ён пражыў — сто семдзесят пяць гадоў. 
 8  I супачыў, і памёр Абрагам у старасьці добрай, стары і насычаны [жыцьцём], і быў далучаны да народу свайго. 
 9  I пахавалі яго Ісаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, у пячоры Махпеля на полі Эфрона, сына Цахара, Хета, што насупраць Мамрэ. 
 10  Гэта тое поле, якое купіў Абрагам у сыноў Хета. Там пахаваныя Абрагам і Сара, жонка ягоная. 
 11  I сталася пасьля сьмерці Абрагама, дабраславіў Бог Ісаака, сына ягонага, і жыў Ісаак каля Бэер-Ляхай-Рой. 
 12  Вось радавод Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла Абрагаму Агар Эгіпцянка, нявольніца Сары. 
 13  I вось імёны сыноў Ізмаэля, паводле імёнаў іхных, паводле родаў іхніх: першародны Ізмаэля Наваёт, Кедар, Адбээль, Міўсам, 
 14  Мішма, Дума, Маса, 
 15  Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма. 
 16  Гэта сыны Ізмаэля, і гэта імёны іхнія ў паселішчах іхніх і ў табарах іхніх, дванаццаць князёў плямёнаў сваіх. 
 17  А гадоў жыцьця Ізмаэля — сто трыццаць сем гадоў. І ён супачыў, і памёр, і быў далучаны да народу свайго. 
 18  І жылі яны ад Хавілі да Шура, які насупраць Эгіпту, калі ідзеш у Асірыю. Перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліўся ён. 
 19  А гэта радавод Ісаака, сына Абрагама: Абрагам нарадзіў Ісаака. 
 20  I было Ісааку сорак гадоў, калі ён узяў Рэбэку, дачку Бэтуэля Арамейца з Падан-Араму, сястру Лявана Арамейца, сабе за жонку. 
 21  I прасіў Ісаак ГОСПАДА пра жонку сваю, бо яна была бясплодная; і ГОСПАД быў упрошаны ім, і зачала Рэбэка, жонка ягоная. 
 22  I штурхаліся сыны ў нутры ейным, і яна сказала: “Калі так, дык чаму ў мяне?” I пайшла спытацца ў ГОСПАДА. 
 23  I сказаў ГОСПАД ёй: “Два народы ў жываце тваім, і два народы з нутра твайго вылучацца; і адзін народ будзе мацнейшым за другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму”. 
 24  I споўніліся дні ейныя, каб нарадзіць, і вось, двайняты ў жываце ейным. 
 25  I выйшаў першы, чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі імя ягонае Эзаў. 
 26  Потым выйшаў брат ягоны, і рука ягоная трымала пяту Эзава, і назвалі імя ягонае Якуб. А Ісааку было шэсьцьдзесят гадоў, калі яны нарадзіліся. 
 27  I вырасьлі хлопчыкі, і быў Эзаў спрытным паляўнічым, чалавекам поля, а Якуб быў чалавекам рахманым, які жыў у намётах. 
 28  I любіў Ісаак Эзава, бо ўпаляванае ім [было] ў вуснах ягоных; а Рэбэка любіла Якуба. 
 29  I варыў Якуб страву, і Эзаў прыйшоў з поля, і быў ён стомлены. 
 30  I сказаў Эзаў Якубу: “Дай мне крыху чырвонай, гэтай чырвонай [стравы], бо я стомлены”. Дзеля гэтага названае імя ягонае Эдом. 
 31  I сказаў Якуб: “Прадай мне сёньня першародзтва тваё”. 
 32  I сказаў Эзаў: “Вось, я ледзь не паміраю, і на што гэта мне першародзтва?” 
 33  I сказаў Якуб: “Прысягні мне сёньня”. І той прысягнуў яму, і прадаў першародзтва сваё Якубу. 
 34  I Якуб даў Эзаву хлеб і страву з сачэвіцы, і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Эзаў першародзтвам.