Гебр 11
 1  А вера ёсьць пэўнасьць у тым, чаго спадзяемся, перакананасьць у рэчах нябачных. 
 2  Бо ў ёй засьведчаны старэйшыя. 
 3  Вераю разумеем, што вякі наладжаны словам Божым, каб з няяўнага сталася бачнае. 
 4  Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сьведчаньне, што ён — праведны, [бо гэта] засьведчыў Бог пра дары ягоныя; і праз яе ён, памёршы, яшчэ гаворыць. 
 5  Вераю Энох быў перанесены, што ня ўбачыў сьмерці; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо перад перанясеньнем ягоным было засьведчана, што ён спадабаўся Богу. 
 6  А бяз веры спадабацца немагчыма, бо той, хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і тым, хто шукае Яго, нагароду дае. 
 7  Вераю Ной, атрымаўшы слова пра тое, што яшчэ не было бачным, у багабойнасьці пабудаваў каўчэг дзеля збаўленьня дому свайго; ёю ён асудзіў сьвет і паводле веры стаўся спадкаемцам праведнасьці. 
 8  Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся, каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не разумеючы, куды ідзе. 
 9  Вераю вандраваў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, жывучы ў намётах з Ісаакам і Якубам, суспадчыньнікамі таго самага абяцаньня; 
 10  бо ён чакаў гораду, які мае падмуркі, якога майстар і дойлід — Бог. 
 11  Вераю і сама Сара атрымала сілу на зачацьце насеньня і не па часе веку нарадзіла, бо верным прызнавала Таго, Які абяцаў. 
 12  І дзеля гэтага ад аднаго, і пры гэтым амярцьвелага, нарадзілася гэтак шмат, як зорак у небе і як незьлічоны пясок на ўзьбярэжжы мора. 
 13  Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасьць, і вітаючы [іх], і прызнаючы, што яны — чужынцы і вандроўнікі на зямлі. 
 14  Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць. 
 15  І, калі б яны памяталі тую, з якое выйшлі, мелі б час вярнуцца. 
 16  Але яны лепшага жадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага Бог не саромеецца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён падрыхтаваў ім горад. 
 17  Вераю Абрагам, спакушаны, прынёс [у ахвяру] Ісаака, і прынёс адзінароднага, якога прыняў як абяцаньне, 
 18  пра якога было сказана: «У Ісааку будзе названае насеньне табе», 
 19  бо ён лічыў, што Бог мае моц і з мёртвых уваскрасіць, дзеля чаго і атрымаў яго як прыклад. 
 20  Вераю ў будучае дабраславіў Ісаак Якуба і Эзава. 
 21  Вераю Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся на верх кія свайго. 
 22  Вераю Язэп, канаючы, пра выхад сыноў Ізраіля нагадаў і загадаў наконт костак сваіх. 
 23  Вераю Майсей па нараджэньні тры месяцы быў хаваны бацькамі сваімі, бо яны бачылі, што хлопчык мілы [Богу], і не спалохаліся валадарскага загаду. 
 24  Вераю Майсей, стаўшыся дарослым, адмовіўся называцца сынам дачкі фараона 
 25  і выбраў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху, 
 26  зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпецкія; бо ён на нагароду ўглядаўся. 
 27  Вераю пакінуў ён Эгіпет, не спалохаўшыся ярасьці валадарскай, бо непахісны быў, быццам бачачы Нябачнага. 
 28  Вераю ўчыніў ён Пасху і праліцьцё крыві, каб не крануў іх той, які нішчыў першародных. 
 29  Вераю перайшлі яны праз Чырвонае мора, як па сухім; на што спакусіўшыся, Эгіпцяне былі патопленыя. 
 30  Вераю ўпалі муры Ерыхону, як абыходзілі [іх] сем дзён. 
 31  Вераю Рахаў распусьніца, з супакоем прыняўшы выведчыкаў, не загінула з тымі, якія не скарыліся. 
 32  І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, Барака, пра Самсона і Ефтая, пра Давіда і Самуэля, і пра прарокаў, 
 33  якія вераю перамагалі валадарствы, чынілі праведнасьць, атрымлівалі абяцаньні, загароджвалі пашчы ільвоў, 
 34  тушылі сілу агню, уцякалі ад вострыва мяча, умацоўваліся ад слабасьці, ставаліся дужымі ў бітве, прымушалі ўцякаць табары чужынцаў, 
 35  жонкі атрымлівалі памёршых сваіх уваскрошанымі; а іншыя былі замучаныя, не дачакаўшыся адкупленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне, 
 36  іншыя паспыталі зьдзекаў і тартураў, а яшчэ путаў і вязьніцы, 
 37  былі каменаваныя, пілаваныя, спакушаныя, былі забіваныя мячом, бадзяліся ў авечых і казіных скурах, маючы нястачу, прыгнёт, нягоды; 
 38  тыя, якіх сьвет ня быў варты, туляліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі. 
 39  І ўсе яны, што засьведчаныя вераю, не атрымалі абяцаньня, 
 40  бо Бог прадугледзеў адносна нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас асягнулі дасканаласьць.