Пс 46
 1  Кіраўніку хору. Сыноў Караха. На аламот. Сьпеў. 
 2  Бог для нас — прыстанішча і моц, у бядзе ўспамога, якая заўсёды прыходзіць. 
 3  Дык ня будзем баяцца, хоць бы захісталася зямля і горы рушылі ў сэрца мора, 
 4  хоць бы раўлі і ўздымаліся воды ягоныя, хоць бы трэсьліся горы ад шалу яго. (Сэлях) 
 5  [Вось] рака, струмяні ейныя радуюць горад Божы, сьвятую сялібу Найвышэйшага. 
 6  Бог пасярод яго, дык не захістаецца; Бог дапаможа яму, як настане раніца. 
 7  Зараўлі народы, захісталіся валадарствы; Ён выдаў голас Свой, і зямля растапілася. 
 8  ГОСПАД Магуцьцяў з намі, умацаваны замак наш – Бог Якуба. (Сэлях) 
 9  Хадзеце, пабачце дзеі ГОСПАДА, якое спусташэньне Ён зрабіў на зямлі, 
 10  Ён войны спыняе аж да краю зямлі, крышыць лукі і дзіды рассякае, калясьніцы паліць у агні. 
 11  “Спыніцеся, пазнайце, што Я — Бог! Я буду ўзьвялічаны між народамі, буду ўзьвялічаны на зямлі!” 
 12  ГОСПАД Магуцьцяў з намі, умацаваны замак наш — Бог Якуба! (Сэлях)