Мц 16
 1  І, падыйшоўшы, фарысэі і садукеі, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з неба. 
 2  Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Увечары вы кажаце: “Будзе пагода, бо неба чырвонае”. 
 3  І раніцаю: “Сёньня непагадзь, бо неба чырвонае і пахмурнае”. Крывадушнікі! Аблічча неба адрозьніваеце, а знакаў часу ня можаце? 
 4  Пакаленьне злое і чужаложнае знаку шукае, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока». І, пакінуўшы іх, адыйшоў. 
 5  І, перабраўшыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлеба. 
 6  А Ісус сказаў ім: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і садукейскай». 
 7  Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Бо мы хлябоў ня ўзялі». 
 8  Зразумеўшы ж гэта, Ісус сказаў ім: «Чаму разважаеце між сабою, малаверы, што хлябоў ня ўзялі? 
 9  Ці яшчэ не разумееце і ня памятаеце тыя пяць хлябоў на пяць тысячаў, і колькі кашоў назьбіралі? 
 10  Ці тыя сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кашоў назьбіралі? 
 11  Як не разумееце, што не наконт хлеба сказаў Я вам сьцерагчыся кісьлі фарысэйскай і садукейскай?» 
 12  Тады яны зразумелі, што Ён гаварыў ім сьцерагчыся ня кісьлі хлебнае, але навукі фарысэйскае і садукейскае. 
 13  А прыйшоўшы ў межы Цэзарэі Філіпавай, Ісус спытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім людзі называюць Мяне, Сына Чалавечага?» 
 14  А яны сказалі: «Адны — Янам Хрысьціцелем, другія — Ільлём, а іншыя — Ярэміем ці адным з прарокаў». 
 15  Ён кажа ім: «А вы кім Мяне называеце?» 
 16  Сымон жа Пётар, адказваючы, сказаў: «Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога». 
 17  І, адказваючы, Ісус сказаў яму: «Шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец Мой, Які ў небе. 
 18  І Я кажу табе: Ты — скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і брамы пекла не перамогуць яе. 
 19  І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў небе». 
 20  Тады загадаў Ён вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос. 
 21  Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. 
 22  І, адклікаўшы Яго, Пётар пачаў забараняць Яму, кажучы: «Будзь міласьцівы да Сябе, Госпадзе! Няхай ня будзе гэтага з Табою!» 
 23  Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Ты Мне згаршэньне, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае». 
 24  Тады Ісус сказаў вучням Сваім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною. 
 25  Бо хто хоча душу сваю выратаваць, той загубіць яе, а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе. 
 26  Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю? 
 27  Бо мае прыйсьці Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. 
 28  Сапраўды кажу вам: ёсьць некаторыя, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, Які ідзе ў Валадарстве Сваім».