Бц 21
 1  І ГОСПАД наведаў Сару, як сказаў; і ўчыніў ГОСПАД Сары, як гаварыў. 
 2  I зачала Сара, і нарадзіла сына Абрагаму ў старасьці ягонай, у час, пра які казаў яму Бог. 
 3  I назваў Абрагам сына свайго, які нарадзіўся яму, якога нарадзіла яму Сара, Ісаак. 
 4  I абрэзаў Абрагам Ісаака, сына свайго, на восьмы дзень, як загадаў яму Бог. 
 5  І было Абрагаму сто гадоў, калі нарадзіўся ў яго Ісаак, сын ягоны. 
 6  I сказала Сара: “Сьмех учыніў з мяне Бог. Кожны, хто пачуе, будзе сьмяяцца з мяне”. 
 7  I сказала: “Хто сказаў бы Абрагаму: “Сара будзе карміць грудзьдзю сыноў”, бо я нарадзіла сына ў старасьці ягонай”. 
 8  I вырасла дзіцятка, і было аднятае ад грудзей, і ўчыніў Абрагам вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак быў адняты ад грудзей. 
 9  I ўбачыла Сара сына Агар Эгіпцянкі, якога тая нарадзіла Абрагаму, што ён насьміхаецца, 
 10  і сказала Абрагаму: “Выжані гэтую нявольніцу і сына ейнага, бо ня будзе мець спадчыну сын нявольніцы гэтае з сынам маім Ісаакам”. 
 11  I было гэта ліхім у вачах Абрагама адносна сына ягонага. 
 12  I сказаў Бог Абрагаму: “Няхай ня будзе гэта ліхім у вачах тваіх адносна хлопчыка і адносна нявольніцы тваёй. У-ва ўсім, што скажа табе Сара, слухай голасу ейнага, бо ў Ісааку будзе названа табе насеньне. 
 13  Таксама сына нявольніцы Я зраблю народам, бо ён — насеньне тваё”. 
 14  І ўстаў Абрагам раніцаю, і ўзяў хлеб і мех вады, і даў Агар, і палажыў ёй на плечы, і выслаў яе разам з дзіцём. І яна пайшла, і блукала ў пустыні Бээр-Шэва. 
 15  I скончылася вада ў мяху, і яна пакінула дзіця пад адным з кустоў, 
 16  і пайшла, і села насупраць так далёка, як стрэліць з луку; бо яна сказала: “Няхай ня буду глядзець на сьмерць дзіцяці”. I сядзела насупраць, і ўзьняла голас свой, і плакала. 
 17  I пачуў Бог голас хлопчыкаў; і паклікаў анёл Божы да Агар з неба, і сказаў ёй: “Што з табою, Агар? Ня бойся; бо пачуў Бог голас хлопчыка з месца, дзе Ён ёсьць. 
 18  Устань, паднімі хлопца і трымай яго моцна рукою сваёю, бо Я зраблю яго народам вялікім”. 
 19  I адчыніў Бог вочы ейныя, і яна ўбачыла студню з вадою, і пайшла, і напоўніла мех вады, і дала піць хлопцу. 
 20  I быў Бог з хлопцам; і ён вырас, і жыў у пустыні, і быў стралец з луку. 
 21  І ён жыў у пустыні Паран; і ўзяла яму маці ягоная жонку з зямлі Эгіпецкае. 
 22  I сталася ў той час, і сказаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, Абрагаму, кажучы: “Бог з табою ва ўсім, што ты робіш. 
 23  I цяпер прысягні мне Богам тут, што ты ня здрадзіш ані мне, ані нашчадку майму, ані ўнуку майму, і як я чыніў міласэрнасьць табе, так ты будзеш рабіць са мною і з зямлёю, у якой ты жывеш”. 
 24  I сказаў Абрагам: “Прысягаю”. 
 25  I дакараў Абрагам Абімэлеха з прычыны студні вады, якую забралі слугі Абімэлеха. 
 26  I сказаў Абімэлех: “Ня ведаю я, хто ўчыніў гэтую рэч, і ты не расказваў мне, і я ня чуў нічога аж да сёньняшняга дня”. 
 27  I ўзяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і заключылі яны абодва запавет. 
 28  I паставіў Абрагам сем ягнят з чарады асобна. 
 29  I сказаў Абімэлех Абрагаму: “Навошта гэтыя сем ягнятаў, якіх ты паставіў асобна?” 
 30  I сказаў [Абрагам]: “Бо сем гэтых ягнят возьмеш ад рукі мае, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню”. 
 31  Дзеля таго і названа гэтае месца Бээр-Шэва, бо там яны абодва прысягалі. 
 32  I заключылі запавет у Бээр-Шэве. I ўстаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістынскую. 
 33  I пасадзіў [Абрагам] гай у Бээр-Шэве, і клікаў там імя ГОСПАДА, Бога вечнага. 
 34  I жыў Абрагам у зямлі Філістынскай шмат дзён.