Мц 4
 1  Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушваньня праз д’ябла, 
 2  і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў. 
 3  І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі». 
 4  Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”». 
 5  Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на вільчаку сьвятыні, 
 6  і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”». 
 7  Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”». 
 8  Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх, 
 9  і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне». 
 10  Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся, і Яму аднаму служы”». 
 11  Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся, і служылі Яму. 
 12  А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею. 
 13  І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у гарадах Забулёна і Нэфталі, 
 14  каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: 
 15  «Зямля Забулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская, 
 16  народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла». 
 17  З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае». 
 18  Праходзячы ж недалёка мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы, 
 19  і кажа ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў». 
 20  І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім. 
 21  Ідучы адтуль далей, убачыў Ён другіх двух братоў, Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Зэбэдэем, бацькам іхнім, якія правілі сеці свае, і паклікаў іх. 
 22  І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім. 
 23  І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе. 
 24  І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў. 
 25  І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану.