Пс 39
 1  Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Давіда. 
 2  Я сказаў: “Буду захоўваць шлях мой, каб не саграшыць языком маім! Буду захоўваць вусны мае вуздою, пакуль бязбожнік перада мною”. 
 3  Я зьнямеў ў маўчаньні; маўчаў пра добрае, але боль мой нішчыў [мяне]. 
 4  Распалілася сэрца маё ў нутры маім; ва ўздыханьню маім запалаў агонь, і я прамовіў языком маім. 
 5  Дай мне ведаць, ГОСПАДЗЕ, канец мой і меру дзён маіх, якая яна, дай мне ведаць, які я нетрывалы! 
 6  Вось, на [некалькі] пядзяў Ты даў дні мае, і век мой — як нішто перад Табою! Толькі ўсякай марнасьцю ёсьць кожны чалавек, [нават] у сіле. (Сэлях) 
 7  Толькі як здань ходзіць чалавек, [і ёсьць] толькі марнасьцю; ён трывожыцца, прагавіта зьбірае і ня ведае, хто забярэ гэта. 
 8  І цяпер на што [яшчэ] я спадзяюся, Госпадзе? Надзея мая ў Табе! 
 9  Ад усіх правінаў маіх выратуй мяне; на ганьбаваньне ад бязглуздых ня стаў мяне. 
 10  Я зьнямеў, не адчыняю вуснаў маіх, бо Ты зрабіў гэта. 
 11  Забяры ад мяне караньне Тваё, ад удараў рукі Тваёй я зьнікаю. 
 12  Дакараньнем за беззаконьне Ты караеш чалавека і нявечыш, як ад молі, прагненьні ягоныя. Толькі марнасьцю ёсьць кожны чалавек! (Сэлях) 
 13  Пачуй малітву маю, ГОСПАДЗЕ, і прыхілі вуха да ляманту майго! Не маўчы на сьлёзы мае, бо я прыхадзень у Цябе і пасяленец, як і ўсе бацькі мае. 
 14  Не ўглядайся на мяне, каб я павесялеў перад тым, як зыйду, і ня будзе мяне!