Пс 58
 1  Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда. 
 2  Ці сапраўды маўчаньнем прамаўляеце праведна? Ці справядліва судзіце сыноў чалавечых? 
 3  Але ж у сэрцы беззаконьне вы ўчынілі, злачынствы рук вашых на зямлі ўзважваеце. 
 4  Адступіліся бязбожнікі ад улоньня маці, блукаюць ад нараджэньня тыя, што кажуць няпраўду. 
 5  Атрута іхняя як атрута зьмяі, гадзюкі глухой, што вушы свае затыкае 
 6  і ня чуе голасу шаптуна, які заклінаць закляцьцямі ўмее. 
 7  Божа, скрышы зубы іхнія ў вуснах іхніх! Выбі іклы львянятам, ГОСПАДЗЕ! 
 8  Няхай зьнікнуць яны як вада, што разьлілася; няхай як будуць нацягваць [лук], паломяцца стрэлы іхнія! 
 9  Няхай як сьлімак, што ледзьве паўзе, яны счэзнуць! Няхай як спарон жанчыны яны сонца ня ўбачаць! 
 10  Перш, чым катлы вашыя адчуюць [агонь ад] цярніны, няхай раскідае бура [цярніну], ці сьвежую, ці распаленую. 
 11  Узрадуецца праведнік, калі ўбачыць помсту; ён абмые стопы свае ў крыві бязбожнікаў! 
 12  І скажа [кожны] чалавек: “Сапраўды, ёсьць плод у праведніка! Сапраўды, ёсьць Бог, Які судзіць на зямлі!”