Пс 106
 1  Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Ягоная на вякі. 
 2  Хто выкажа магутнасьць ГОСПАДА, дасьць пачуць усю хвалу Ягоную? 
 3  Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць суд і робяць праведнасьць у кожным часе. 
 4  Памятай пра мяне, ГОСПАДЗЕ, праз ласкавасьць да народу Твайго! Наведай мяне са збаўленьнем Тваім, 
 5  каб я ўгледзеў дабро выбранцаў Тваіх, каб я радаваўся радасьцю народу Твайго, каб хваліўся разам са спадчынаю Тваёю! 
 6  Саграшылі мы разам з бацькамі нашымі, правініліся і адступіліся. 
 7  Бацькі нашыя ў Эгіпце не зразумелі цудаў Тваіх, ня памяталі мноства міласэрнасьці Тваёй бунтаваліся ля мора, пры моры Чырвоным. 
 8  Але Ён збавіў іх дзеля імя Свайго, каб зьявіць магутнасьць Сваю. 
 9  Ён утаймаваў мора Чырвонае, і яно высахла; і Ён правёў іх праз бяздоньне як праз пустыню. 
 10  I збавіў іх з рукі ненавісьніка, і выбавіў іх з рукі ворага. 
 11  І пакрылі воды прыгнятальнікаў іхніх, ніводзін з іх не застаўся. 
 12  І хоць яны паверылі словам Ягоным і сьпявалі хвалу Яму, 
 13  але хутка забыліся пра дзеі Ягоныя, не чакалі на раду Ягоную. 
 14  І зажадалі жаданьнем у пустыні, і выпрабоўвалі Бога ў [зямлі] бязьлюднай. 
 15  І Ён даў ім тое, чаго хацелі, і спаслаў зьнемажэньне ў душу іхнюю. 
 16  I пазайздросьцілі Майсею ў табары, і Аарону, сьвятому ГОСПАДА. 
 17  Расчынілася зямля, і праглынула Датана, і пакрыла грамаду Авірама, 
 18  і загарэўся агонь пад грамадою іхняю, полымя спаліла бязбожнікаў. 
 19  Яны зрабілі цяля пад Гарэбам і пакланяліся перад літым [ідалам]; 
 20  і замянілі Славу сваю на вобраз вала, які есьць траву. 
 21  Яны забыліся на Бога, Збаўцу свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце, 
 22  цуды ў зямлі Хамавай, страшныя [рэчы] ля мора Чырвонага. 
 23  І сказаў Ён, што вынішчыць іх, калі б не Майсей, выбранец Ягоны, які стаў у выломе перад абліччам Ягоным, каб адвярнуць ярасьць Ягоную, каб Ён ня вынішчыў іх. 
 24  І пагрэбавалі яны зямлёй пажаданай, не паверылі словам Ягоным. 
 25  І наракалі ў намётах сваіх, ня слухаліся голасу ГОСПАДА. 
 26  І Ён падняў руку Сваю на іх, каб пападалі яны ў пустыні 
 27  і пападала насеньне іхняе сярод народаў і расьцярушыць іх па зямлі. 
 28  І яны далучыліся да Баал-Пэгора, і елі ахвяры мёртвых, 
 29  і злавалі [Яго] дзеяньнямі сваімі, і абрынулася на іх пляга. 
 30  І паўстаў Пінхас, і спынілася пляга. 
 31  І залічана яму гэта за праведнасьць з пакаленьня ў пакаленьне на вякі. 
 32  І ўгнявілі яны [Бога] ля водаў Мэрыбы, і з-за іх пацярпеў Майсей, 
 33  бо бунтаваліся супраць духа ягонага, і ён неразважна гаварыў вуснамі сваімі. 
 34  Яны ня зьнішчылі народаў, як ім казаў ГОСПАД, 
 35  і зьмяшаліся з паганамі, і навучыліся справаў іхніх, 
 36  і служылі ідалам іхнім, і яны сталіся для іх пасткаю, 
 37  і ахвяроўвалі сыноў сваіх і дачок сваіх дэманам, 
 38  і пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дачок сваіх, якую ахвяроўвалі ідалам Ханаанскім, і апаганілася зямля ад крыві. 
 39  І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, чужаложылі ў дзеяньнях сваіх. 
 40  І распаліўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і абрыдла Яму спадчына Ягоная. 
 41  І Ён аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што ненавідзелі іх. 
 42  І ўціскалі іх ворагі іхнія, і яны скарыліся пад рукою іхняю. 
 43  Шмат разоў Ён выратоўваў іх, але яны бунтаваліся ў задумах сваіх і паніжаны былі за беззаконьне сваё. 
 44  Але Ён глянуў на іх у горы, пачуўшы галашэньне іхняе, 
 45  і ўзгадаў на іх дзеля запавету Свайго, і пашкадаваў іх дзеля мноства міласэрнасьці Сваёй, 
 46  і Ён даў літасьць да іх перад абліччам усіх, што паняволілі іх. 
 47  Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, і зьбяры нас ад паганаў, каб мы славіві сьвятое імя Тваё і хваліліся славай Тваёю! 
 48  Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і на вякі! І няхай скажа ўвесь народ: Амэн! Альлелюя!