Пс 144
 1  Давіда. Дабраслаўлёны ГОСПАД, скала мая, Які навучае рукі мае барацьбе, і пальцы мае — змаганьню. 
 2  Міласэрнасьць для мяне і замчышча маё, умацаваны замак мой і Збаўца для мяне, шчыт мой, Той, у Якім маю надзею, Ён народ мой мне паддае! 
 3  ГОСПАДЗЕ, што ёсьць чалавек, што Ты ведаеш яго, і сын чалавечы, што Ты думаеш пра яго? 
 4  Чалавек падобны да марнасьці; дні ягоныя — быццам цень, што мінае. 
 5  ГОСПАДЗЕ, нахілі неба Тваё і зыйдзі, дакраніся да гор, і яны запалаюць! 
 6  Блісьні маланкай і расьцяруш іх, пусьці стрэлы Твае і пражані іх! 
 7  Выцягні з вышыні руку Тваю, вызвалі мяне і выратуй мяне з водаў вялікіх, з рукі сыноў чужынскіх, 
 8  вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні. 
 9  Божа, я новы сьпеў буду сьпяваць для Цябе, на псалтыры дзесяціструнным буду граць Табе, 
 10  бо Ты даеш выратаваньне валадару, і выбаўляеш Давіда, слугу Твайго, ад мяча злыдня! 
 11  Выбаў мяне і выратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, вусны якіх гавораць марнае, а правіца іхняя — правіца хлусьні. 
 12  Няхай будуць сыны нашыя, быццам саджанцы, якія разрастаюцца ў маладосьці сваёй; дочкі нашыя — быццам слупы вуглавыя, якія высечаны паводле ўзору сьвятыні. 
 13  Сьпіжарні нашыя няхай будуць поўныя, каб задаволіць любыя патрэбы, ўсялякія патрэбы; няхай у тысячу разоў памножацца авечкі нашыя на вуліцах нашых. 
 14  Валы нашыя няхай будуць тлустыя, няхай ня будзе вылому, ані страты, ані ляманту на плошчах нашых! 
 15  Шчасьлівы той народ, у якога гэтак дзеецца! Шчасьлівы той народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог ягоны!