2 Кар 8
 1  Паведамляем вам, браты, пра ласку Божую, якая дадзеная цэрквам Македоніі, 
 2  бо ў вялікім выпрабаваньні прыгнётам у іх багата радасьці, і ў глыбокай убогасьці іхняй памнажаецца багацьце іхняй шчырасьці, 
 3  бо яны маюць добрую ахвоту па сілах і звыш сілы, я сьведчу гэта. 
 4  Са шматлікімі просьбамі яны прасілі нас прыняць ласку і супольнасьць служэньня для сьвятых; 
 5  ды ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны аддалі сябе спачатку Госпаду, і нам паводле волі Божай. 
 6  Дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і зьдзейсьніў у вас і гэтую ласку. 
 7  А як вы багатыя ўсім: вераю, і словам, і веданьнем, і ўсякай дбайнасьцю, і любоўю вашаю да нас, дык і ў гэтай ласцы мейце шчодра. 
 8  Кажу гэта не як загад, але дбайнасьцю іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові. 
 9  Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, быўшы багатым, зьбяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбоствам узбагаціліся. 
 10  І я даю ў гэтым параду, бо гэта карысна вам, якія ня толькі рабіць, але і хацець пачалі з леташняга году. 
 11  А цяпер зьдзейсьніце справу, каб, як з ахвотаю хацелі, гэтак і зьдзейсьнілі паводле магчымасьці. 
 12  Бо, калі была раней ахвота, яна адпаведная паводле таго, як хто мае, а не паводле таго, як ня мае. 
 13  Бо не на тое, каб другім была палёгка, а вам прыгнёт, але каб была роўнасьць. 
 14  У цяперашні час ваш лішак дзеля іх нястачы, каб і іхні лішак стаўся дзеля вашае нястачы, каб была роўнасьць, 
 15  як напісана: «Хто [сабраў] шмат, ня меў лішку; і хто мала, ня меў нястачы». 
 16  Дзякуй Богу, Які даў у сэрцы Ціта гэткую дбайнасьць адносна вас, 
 17  бо ён і просьбу прыняў, і з вялікай дбайнасьцю сваёй ахвотай пайшоў да вас. 
 18  А з ім паслалі мы брата, якога хваляць за Эвангельле ў-ва ўсіх цэрквах. 
 19  І ня толькі гэта, але ён і рукапакладзены ад цэркваў спадарожнік наш з тою ласкаю, якою мы служым на славу Самога Госпада і паводле вашае ахвоты, 
 20  высьцерагаючыся, каб ня ганіў нас хто за гэткае мноства [служэньняў], якімі мы служым, 
 21  бо мы дбаем пра добрае ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі. 
 22  Дык мы паслалі з імі брата нашага, якога дбайнасьць мы часта выпрабоўвалі шмат у чым, які цяпер яшчэ больш дбайны дзеля вялікай пэўнасьці адносна вас. 
 23  Што да Ціта, гэта мой супольнік і ваш супрацоўнік; а што да братоў нашых, яны — пасланцы цэркваў, слава Хрыста. 
 24  Дык перад абліччам цэркваў зьявіце ім доказ любові вашай і пахвалы нашае адносна вас.