Пс 30
 1  Псальм. Сьпеў пры пасьвячэньні дома Давіда. 
 2  Вывышаю Цябе, ГОСПАДЗЕ, бо Ты выцягнуў мяне і ня даў ворагам маім радавацца нада мною. 
 3  ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Я галасіў да Цябе, і Ты вылячыў мяне. 
 4  ГОСПАДЗЕ, Ты вывеў душу маю з пекла, Ты даў мне жыць, каб ня быў я сярод тых, што зыйшлі ў магілу. 
 5  Выслаўляйце ГОСПАДА, вы, багабойныя Ягоныя, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай! 
 6  Бо на імгненьне гнеў Ягоны, на [ўсё] жыцьцё ўпадабаньне Ягонае; увечары можа быць плач, а раніцаю – радасьць. 
 7  А я сказаў у бясьпечнасьці сваёй: “Не пахіснуся навекі!” 
 8  ГОСПАДЗЕ, праз ласку Тваю Ты паставіў горы мае непарушна; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я спалохаўся. 
 9  Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, я клікаў, і Госпада майго я маліў: 
 10  “Які зыск у крыві маёй, у тым, што зыйду я ў парахненьне? Ці пыл будзе славіць Цябе? Ці будзе апавядаць праўду Тваю?” 
 11  Пачуй, ГОСПАДЗЕ, і зьлітуйся нада мною! ГОСПАДЗЕ, будзь дапамогай маёю! 
 12  Ты перамяніў лямант мой у танец, Ты скінуў з мяне зрэбніцу і падперазаў мяне радасьцю. 
 13  Дзеля гэтага будзе выслаўляць Цябе слава [мая] і ня будзе маўчаць. ГОСПАДЗЕ, Божа мой, навекі я буду славіць Цябе!