Пс 33
 1  Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі; правым пасуе хвала. 
 2  Слаўце ГОСПАДА на гусьлях, выслаўляйце Яго на псалтыры дзесяціструнным! 
 3  Сьпявайце Яму новы сьпеў; спраўна грайце [Яму] пад трубныя гукі. 
 4  Бо слушнае слова ГОСПАДАВА, і ўсе творы Ягоныя верныя. 
 5  Ён любіць праведнасьць і суд; міласэрнасьцю ГОСПАДА напоўнена зямля. 
 6  Словам ГОСПАДА зроблены нябёсы, а подыхам вуснаў Ягоных — усе войскі іхнія. 
 7  Ён сабраў як капу воды марскія, Ён склаў іх у скарбніцу бяздоньняў. 
 8  Няхай баіцца ГОСПАДА ўся зямля, няхай дрыжаць перад Ім усе жыхары сусьвету. 
 9  Бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў — і паўстала. 
 10  ГОСПАД разьбіў намеры паганаў, запярэчыў думкам народаў. 
 11  Намер ГОСПАДА будзе трываць на вякі, думкі сэрца Ягонага — з пакаленьня ў пакаленьне. 
 12  Шчасьлівы народ, у якога ГОСПАД ёсьць Бог, народ, які Ён выбраў на спадчыну для Сябе. 
 13  З неба ГОСПАД глядзіць, Ён бачыць усіх сыноў чалавечых; 
 14  з мейсца, дзе Ён жыве, Ён паглядае на ўсіх жыхароў зямлі. 
 15  Ён уфармаваў сэрца кожнага з іх, Ён зважае на ўсе ўчынкі іхнія. 
 16  Ня будзе збаўлены валадар вялікім войскам, волат ня вызваліцца праз вялікую сілу сваю; 
 17  падманлівы конь для выратаваньня, і вялікая сіла ягоная ня дасьць выбаўленьня. 
 18  Вось, вока ГОСПАДА над тымі, якія баяцца Яго, якія спадзяюцца на міласэрнасьць Ягоную, 
 19  што Ён вызваліць ад сьмерці душы іхнія, і захавае жыцьцё ў [час] голаду. 
 20  Душа нашая чакае на ГОСПАДА; Ён — дапамога наша і шчыт наш. 
 21  Бо ў Ім радуецца сэрца нашае; бо мы на імя Яго сьвятое спадзяемся. 
 22  Няхай будзе міласэрнасьць Твая, ГОСПАДЗЕ, над намі, як мы на Цябе спадзяемся!