Пс 57
 1  Кіраўніку хору: на лад: “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі ён уцякаў ад аблічча Саўла ў пячору. 
 2  Зьлітуйся нада мною, Божа, зьлітуйся нада мною! Бо ў Табе мае надзею душа мая і ў ценю крылаў Тваіх буду хавацца, пакуль не міне загуба. 
 3  Буду клікаць да Бога Найвышэйшага, да Бога, Які выканае [справу маю] для мяне. 
 4  Ён спашле з неба і збавіць мяне ад зьнявагаў таго, хто хоча мяне праглынуць. (Сэлях) Спашле Бог міласэрнасьць Сваю і праўду Сваю. 
 5  Душа мая між ільвоў, я ляжу сярод тых, што палаюць агнём, сярод сыноў чалавечых, зубы іхнія — дзіды і стрэлы, языкі іхнія — мячы вострыя. 
 6  Узьвялічся па-над неба, Божа, па-над ўсёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая. 
 7  Яны наставілі сетку дзеля стопаў маіх, прыгнялі душу маю, яны капалі яму перад абліччам маім, але [самі] ўваліліся ў яе. (Сэлях) 
 8  Умацаванае сэрца маё, Божа, умацаванае сэрца маё, буду сьпяваць і выслаўляць [Цябе]. 
 9  Збудзіся, слава мая! Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне. 
 10  Буду славіць Цябе сярод людзей, Госпадзе, буду выслаўляць Цябе сярод народаў, 
 11  бо аж да неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў. 
 12  Узьвялічся па-над неба, Божа, па-над ўсёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая!