Пс 107
 1  Слаўце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная! 
 2  Няхай гэтак скажуць выкупленыя ГОСПАДАМ, якіх Ён выкупіў з рукі прыгнятальніка 
 3  і сабраў з земляў з усходу і з захаду, з поўначы і ад мора. 
 4  Яны блукалі па пустыні, па бязьлюдзьдзі, шляху да гораду, дзе будуць жыць, не знайшлі. 
 5  Былі галоднымі і сасьмяглымі, душа іхняя ў іх зьнемаглася. 
 6  І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй. 
 7  І павёў Ён іх шляхам простым, каб прыйшлі да гораду, дзе будуць жыць. 
 8  Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых, 
 9  бо Ён насыціў душу спрагнёную і душу галодную напоўніў дабром. 
 10  Яны сядзелі ў цемры і ў ценю сьмерці, увязьненыя пакутамі і жалезам, 
 11  бо яны бунтаваліся супраць словаў Бога і радай Найвышэйшага пагрэбавалі. 
 12  І Ён спакорыў сэрца іхняе нядоляй; яны спатыкнуліся, і не было дапамогі. 
 13  І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй, 
 14  і вывеў іх з цемры і ценю сьмерці, і кайданы іхнія парваў. 
 15  Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых, 
 16  бо Ён скрышыў брамы мядзяныя і расьсек жалезныя засаўкі. 
 17  Яны [былі] неразумнымі на шляху правінаў сваіх і за беззаконьні свае пакутавалі. 
 18  Усякая ежа абрыдла душы іхняй, і блізка былі яны ад брамаў сьмерці. 
 19  І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй, 
 20  Ён паслаў слова Сваё, і аздаравіў іх, і выбавіў іх ад магілы. 
 21  Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых! 
 22  Няхай ахвяруюць ахвяры падзякі, і няхай абвяшчаюць з радасьцю пра дзеяньні Ягоныя! 
 23  Тыя, што зыходзілі на мора на караблях і вялі справы на водах вялікіх, 
 24  яны бачылі справы ГОСПАДА і цуды Ягоныя ў глыбінях. 
 25  Ён сказаў, і стаўся вецер бурны, і ўзьняліся хвалі, 
 26  і яны ўздымаюцца пад неба, і падаюць у бяздоньне; душа іхняя ў [гэтым] ліху млее, 
 27  бадзяюцца і хістаюцца, як п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя на марна. 
 28  І крычалі яны да ГОСПАДА ў тузе сваёй, і Ён выратаваў іх з бяды іхняй. 
 29  Ён перамяніў буру ў цішу, і суцішыліся хвалі. 
 30  І ўзрадаваліся яны, што [ўсё] сьціхла, і Ён іх правёў да жаданае прыстані. 
 31  Няхай славяць ГОСПАДА за міласэрнасьць Ягоную і за цуды Ягоныя для сыноў чалавечых! 
 32  Няхай вывышаюць Яго ў зграмаджэньні народу і паміж старшыняў няхай хваляць Яго! 
 33  Ён перамяніў рэкі ў пустыню і крыніцы водаў — у сухую зямлю, 
 34  і ўрадлівую зямлю — у салёную — за ліхоту тых, што жывуць на ёй. 
 35  Ён перамяніў пустыню ў возера водаў і сухую зямлю — у крыніцы водаў, 
 36  і там пасяліў галодных, і яны паставілі горад, дзе будуць жыць, 
 37  і засеялі палі, і пасадзілі вінаграднік, і атрымалі плод багаты. 
 38  І Ён дабраслаўляў іх, і яны множыліся вельмі; і не зьмяншалася ў іх скаціны. 
 39  Але [пасьля] іх паменшала, і яны схіліліся пад цяжарам ліхоты і смутку. 
 40  Ён вылівае пагарду на князёў і кідае іх блукаць па пустках без дарогі. 
 41  І паднімае прыгнечанага з нэндзы, і робіць плямёны як [чароды] авечак. 
 42  Убачаць гэта правыя і ўзьвесяляцца; і ўсякая несправядлівасьць закрые вусны свае. 
 43  Хто мудры, той гэта захавае, і зразумее міласэрнасьць ГОСПАДА!