Пс 139
 1  Кіраўніку хору: Давіда. Псальм. ГОСПАДЗЕ, Ты дасьледаваў мяне і ведаеш [мяне]. 
 2  Ты ведаеш, калі я сядаю і калі я ўстаю; разумееш думку маю здалёк. 
 3  Сьцежку маю і ляжаньне маё Ты спазнаў, і ўсе шляхі мае Табе вядомыя. 
 4  Бо няма яшчэ словаў на языку маім, а Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усё. 
 5  Ззаду і сьпераду Ты абняў мяне і паклаў на мяне руку Тваю. 
 6  Надзвычай дзівоснае веданьне, перавышае мяне, не магу яго сьцяміць! 
 7  Куды мне ісьці ад Духа Твайго і ад аблічча Твайго куды ўцячы? 
 8  Калі б я ўзыйшоў на неба, Ты там; калі б паслаў сабе [ложак] ў пекле, — вось, [і там] Ты! 
 9  Калі б я ўзяў крылы сьвітаньня, калі б пасяліўся на канцы мора, 
 10  там таксама рука Твая вадзіла б мяне, і трымала б мяне правіца Твая. 
 11  Калі б я сказаў: “Няхай цемра пакрые мяне, і ноччу няхай станецца сьвятло вакол мяне”, 
 12  дык і цемра ня будзе цёмнай для Цябе, і ноч заясьнее, як дзень; цемра, як сьвятло. 
 13  Бо Ты ўтварыў ныркі мае, выткаў мяне ва ўлоньні маці маёй. 
 14  Слаўлю Цябе, бо я захапляльна і дзівосна збудаваны; цудоўныя справы Твае, і душа мая ведае добра. 
 15  Не былі схаваныя косткі мае перад Табою, калі я кшталтаваўся пад заслонай, быў вытканы ў глыбінях зямлі. 
 16  Зародак мой бачылі вочы Твае; і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе дні, што былі вызначаны, калі яшчэ ніводнага з іх не было. 
 17  Якія каштоўныя для мяне думкі Твае, Божа, якая вялікая безьліч іх! 
 18  Лічу іх, але іх больш, чым пяску. Я буджуся, і я ўсьцяж з Табою. 
 19  Калі б Ты, Божа, забіў бязбожніка, тады людзі крывавыя адыйдуць ад мяне. 
 20  Яны гавораць супраць Цябе зламыснае; дарэмна робяць сябе ворагамі Тваімі. 
 21  Ці ж ня мушу я ненавідзець тых, што ненавідзяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, і брыдзіцца тымі, што супраць Цябе паўстаюць? 
 22  Нянавісьцю поўнай я іх ненавіджу, яны сталіся ворагамі для мяне. 
 23  Дасьледуй мяне, Божа, і спазнай сэрца маё, выспрабуй мяне і спазнай думкі мае! 
 24  І паглядзі, ці не на гаротным я шляху, і шляхам вечнасьці вядзі мяне.