Кал 3
 1  Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ўзгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога. 
 2  Пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное, 
 3  бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схаванае з Хрыстом у Богу. 
 4  Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам з Ім у славе. 
 5  Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, жарсьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць ідалапаклонствам, 
 6  за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў непакорнасьці, 
 7  сярод якіх і вы раней хадзілі, калі жылі між імі. 
 8  А цяпер вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, ліхоту, блюзьнерствы, брыдкаслоўе з вуснаў вашых; 
 9  не хлусіце адзін аднаму, распрануўшыся са старога чалавека з учынкамі ягонымі 
 10  і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобразу Таго, Хто яго стварыў, 
 11  дзе няма Грэка і Юдэя, абразаньня і неабразаньня, барбара, Скіфа, слугі, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос. 
 12  Дык апраніцеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць, 
 13  церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму, калі хто на каго мае крыўду, як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы. 
 14  А па-над усё [апраніцеся] ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці, 
 15  і няхай гаспадарыць у сэрцах вашых супакой Божы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, і будзьце ўдзячныя. 
 16  Слова Хрыстовае няхай жыве ў вас багата, у-ва ўсякай мудрасьці; навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, у ласцы сьпяваючы Госпаду ў сэрцах вашых. 
 17  І ўсё, што вы робіце, словам або справаю, усё [рабіце] ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу. 
 18  Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як прыстойна ў Госпадзе. 
 19  Мужы, любіце жонак і ня будзьце для іх прыкрымі. 
 20  Дзеці, слухайцеся бацькоў у-ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду. 
 21  Бацькі, не зьнеахвочвайце дзяцей вашых, каб яны не гублялі духа. 
 22  Слугі, у-ва ўсім слухайцеся паноў паводле цела, не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але ў шчырасьці сэрца, баючыся Бога. 
 23  І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як для Госпада, а не для людзей, 
 24  ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту. 
 25  А хто робіць крыўду, атрымае паводле зробленае крыўды, бо няма [ў Бога] ўзіраньня на аблічча.