Мц 5
 1  Убачыўшы натоўпы, Ён узыйшоў на гару, і, калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя. 
 2  І Ён, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, кажучы: 
 3  «Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. 
 4  Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя. 
 5  Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю. 
 6  Шчасьлівыя тыя, што прагнуць і смагнуць праведнасьці, бо яны будуць насычаныя. 
 7  Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя. 
 8  Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. 
 9  Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя. 
 10  Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праведнасьць, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. 
 11  Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае злое слова хлусьліва. 
 12  Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас. 
 13  Вы — соль зямлі. Калі ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна ўжо ні на што не надаецца, хіба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям. 
 14  Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. 
 15  Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме. 
 16  Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе. 
 17  Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон ці Прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але споўніць. 
 18  Бо сапраўды кажу вам: пакуль не праміне неба і зямля, аніводная ёта ці рыска не праміне з Закону, пакуль ня станецца ўсё. 
 19  Вось жа, хто парушыць адно з гэтых найменшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым названы будзе ў Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе ў Валадарстве Нябесным. 
 20  Бо кажу вам: калі праведнасьць вашая не перавысіць [праведнасьці] кніжнікаў і фарысэяў, вы ня ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. 
 21  Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду”. 
 22  А Я кажу вам, што ўсякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: “Рака”, падлягае сынэдрыёну, а хто скажа: “Дурань”, падлягае гееньне вогненай. 
 23  Дык калі ты прынясеш дар твой на ахвярнік, і там узгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе, 
 24  пакінь дар твой перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіся з братам тваім, а тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой. 
 25  Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе паслугачу, і ня быў ты кінуты ў вязьніцу. 
 26  Сапраўды кажу табе: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта. 
 27  Вы чулі, што сказана старадаўным: “Не чужалож”. 
 28  А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну, жадаючы яе, ужо чужаложыць з ёю ў сэрцы сваім. 
 29  Калі ж правае вока тваё згаршае цябе, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну. 
 30  І калі правая рука твая згаршае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну. 
 31  Сказана таксама, што, калі хто разлучаецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй развод. 
 32  А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты, той робіць яе чужаложніцай, і хто жэніцца з разьведзенай, той чужаложыць. 
 33  Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: “Не прысягай фальшыва, але спаўняй перад Госпадам прысягі твае”. 
 34  А Я кажу вам: не прысягай зусім, ані небам, бо яно — пасад Божы; 
 35  ані зямлёю, бо яна — падножжа ног Ягоных, ані Ерусалімам, бо ён — горад вялікага Валадара; 
 36  ані галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш аніводнага воласу зрабіць белым ці чорным. 
 37  Але няхай будзе слова вашае: “Так, так”, “Не, не”, а што больш таго, тое ад злога. 
 38  Вы чулі, што сказана: “Вока за вока і зуб за зуб”. 
 39  А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, павярні да яго і другую, 
 40  і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе вопратку, аддай яму і шаты; 
 41  і хто прымусіць цябе ісьці з ім адну мілю, ідзі з ім дзьве. 
 42  Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся. 
 43  Вы чулі, што сказана: “Любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго”. 
 44  А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас і перасьледуюць вас, 
 45  каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ў небе, бо Ён узьнімае сонца Сваё над добрымі і злымі і спасылае дождж на праведных і няправедных. 
 46  Бо калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам нагарода? Ці ж ня так робяць і мытнікі? 
 47  І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж не такім чынам робяць і мытнікі? 
 48  Дык будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш, Які ў небе.