Пс 45
 1  Кіраўніку хору: на лад “Лілеі”. Сыноў Караха. Навучаньне. Песьня вясельная. 
 2  Сэрца маё пераліваецца словамі добрымі. Я выказваю твор мой пра валадара. Язык мой, як пёрка спраўнага пісара. 
 3  Ты прыгажэйшы за ўсіх сыноў чалавечых, ласка ліецца з вуснаў тваіх! Таму дабраславіў цябе Бог на вякі. 
 4  Падперажы, волаце, паясьніцу мячом тваім, славай тваёю і веліччу тваёю! 
 5  І ў велічы тваёй мей посьпех, сядзь [пераможна] са словам праўды і лагоднай праведнасьці, і правіца твая няхай навучыць цябе страху [Божаму]. 
 6  Стрэлы твае вострыя, народы ўпадуць пад [ногі] твае, яны [скіраваныя] ў сэрцы ворагаў валадара. 
 7  Пасад Твой, Божа, на вякі вечныя! Кій роўнасьці — кій валадарства Твайго. 
 8  Ты палюбіў праведнасьць і зьненавідзеў бязбожнасьць. Дзеля гэтага памазаў цябе Бог, Бог твой, алеем радасьці больш за таварышаў тваіх. 
 9  Усё адзеньне Тваё — [быццам] міра, альвас і касья; у палацы з косьці слановае [граньне] на струнах вяселіць цябе. 
 10  Дочкі валадароў сярод шанаваных тваіх; сужонка валадара стаіць праваруч цябе ў шчырым золаце з Афіру. 
 11  “Слухай, дачка, і ўзглянь, і прыхілі вуха тваё, і забудзься пра народ твой і пра дом бацькі твайго. 
 12  І калі валадар прыгажосьці тваёй зажадае, ты схіліся перад ім, бо ён – пан твой. 
 13  I дачка Тыру з дарам [прыйдзе] перад аблічча тваё, панізяцца багатыя народу. 
 14  Уся аздоба дачкі валадара ўнутры, золатам апраўлены шаты яе. 
 15  У вопратках рознакаляровых вядуць яе да валадара; дзяўчыны [ідуць] за ёю, сяброўкі ейныя ідуць да цябе. 
 16  Іх вядуць у радасьці і весялосьці, і ўваходзяць яны ў палац валадара. 
 17  Замест бацькоў тваіх будуць сыны твае; іх паставіш князямі па ўсёй зямлі. 
 18  Я зраблю памятным імя тваё з пакаленьня ў пакаленьне; таму народы будуць славіць цябе на вякі вечныя.