Пс 49
 1  Кіраўніку хору. Сыноў Караха. Псальм. 
 2  Чуйце гэта, усе народы! Прыхіліце вуха, усе жыхары веку гэтага! 
 3  Як сыны паспалітыя, так і сыны знакамітыя, разам багатыя і бедныя. 
 4  Вусны мае кажуць мудрасьць, і думкі сэрца майго разважлівыя. 
 5  Прыхілю да прыповесьці вуха маё, выяўлю пры [гуках] гусьляў загадку маю: 
 6  Навошта мне баяцца ў дні няшчасьця, калі атачыла мяне беззаконьне напасьнікаў маіх, 
 7  якія спадзяюцца на сілу сваю і мноствам багацьця свайго хваляцца? 
 8  Ніхто выбавіць брата ня можа і даць за яго выкуп Богу, 
 9  (Вельмі дарагая цана за іх душу, дык зрачыся гэтага [мусіць] навекі), 
 10  каб ён жыў назаўсёды і ня ўбачыў парахненьня. 
 11  Бо [кожны] бачыць: мудрыя паміраюць, дурны і шалёны разам прападаюць, і пакідаюць іншым багацьце сваё. 
 12  Думкі іхнія, што дамы іхнія на вякі, сялібы іхнія — з пакаленьня ў пакаленьне, і яны сваім імем назвалі [цэлыя] землі. 
 13  Але чалавек у славе доўга трываць ня будзе, ён падобны да скаціны, што на зарэз. 
 14  Гэткі шлях іхні, тых, што пэўныя сябе, і тых, у вуснах чыіх яны даспадобы. (Сэлях). 
 15  Як авечкі, у пекла яны зыйдуць, сьмерць пасьвіць іх будзе, і раніцаю правыя будуць мець уладу над імі, сіла іхняя ссохне, пекла — жытло іхняе. 
 16  Але Бог выбавіць душу маю з рукі пекла, бо Сам возьме мяне. (Сэлях). 
 17  Ня бойся, калі хто багацее, калі множыцца слава дому ягонага: 
 18  бо, калі памрэ, нічога ня возьме з сабою, і слава ягоная ня пойдзе за ім. 
 19  Хоць бы за жыцьця свайго душу сваю ён дабраслаўляў, і хвалілі яго, калі добра рабіў для сябе, 
 20  ён пойдзе за пакаленьнем бацькоў сваіх, што ня ўбачаць ніколі сьвятла. 
 21  Чалавек у славе і без разуменьня падобны да скаціны, што на зарэз.