Пс 64
 1  Кіраўніку хору. Псальм Давіда. 
 2  Пачуй, Божа, голас мой у смутку маім! Ад страху [перад] ворагам захавай жыцьцё маё! 
 3  Схавай мяне ад таемных [намераў] злачынцаў, ад грамады тых, што чыняць нягоднае, 
 4  якія навастрылі як меч язык свой, нацягнулі [лук са] стрэламі сваімі — горкімі словамі, 
 5  каб страляць з засады ў беззаганнага; зьнянацку страляюць яны ў яго і не баяцца. 
 6  Яны ўмацоўваюць сябе ў справах ліхіх; змаўляюцца пастку [наставіць] таемна; яны кажуць: “Хто гэта ўбачыць?” 
 7  Яны шукаюць беззаконьня, мы гінем праз задумы беззаконныя! Бо нутро чалавека і сэрца — глыбокія [воды]. 
 8  І стрэліць Бог у іх стралою, зьнянацку атрымалі яны ўдар, 
 9  і яны спатыкнуліся праз язык свой; і ўцякаюць усе, хто іх убачыў. 
 10  І будуць баяцца ўсе людзі, і будуць апавядаць пра справы Божыя і будуць разважаць пра тое, што Ён учыніў. 
 11  Узрадуецца праведнік у ГОСПАДЗЕ і будзе мець надзею ў Ім, і будуць хваліць Яго ўсе шчырыя сэрцам.