Пс 88
 1  Сьпеў. Псальм сыноў Караха. Кіраўніку хору: на лад сумны, суцішаны. Навучаньне Гемана Эзрахі. 
 2  ГОСПАДЗЕ, Божа збаўленьня майго! Удзень я крычу, і ўначы я перад Табою! 
 3  Няхай прыйдзе перад аблічча Тваё малітва мая; прыхілі вуха Тваё да галашэньня майго. 
 4  Бо перасычана ліхоцьцем душа мая, і жыцьцё маё дакранаецца да пекла. 
 5  Я залічаны да тых, што зыходзяць у магілу; я стаўся, як чалавек, які сілы ня мае. 
 6  Сярод памёршых, свабодны, падобны да забітых, што ляжаць у магіле, якіх Ты ўжо не ўзгадваеш, і адсечаны яны ад рукі Тваёй. 
 7  Ты кінуў мяне ў яму найглыбейшую, у месца цёмнае, у глыбіню. 
 8  Націснула на мяне ярасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі прыціснуў Ты мяне. (Сэлях) 
 9  Ты аддаліў ад мяне знаёмых маіх, Ты зрабіў мяне агідным для іх; я зьвязаны і выйсьці не магу. 
 10  Самлела вока маё ад пакутаў; кожны дзень я клічу Цябе, ГОСПАДЗЕ, і выцягваю да Цябе рукі мае. 
 11  Ці Ты зробіш цуд для памёршых? Ці нябожчыкі паўстануць і будуць славіць Цябе? (Сэлях) 
 12  Ці будзе абвешчана ў магіле міласэрнасьць Твая, і вернасьць Твая — у [месцы] загубы? 
 13  Ці ў цемры даведаюцца пра цуды Твае, і пра справядлівасьць Тваю — у зямлі забыцьця? 
 14  Але я галашу да Цябе, ГОСПАДЗЕ, і раніцаю малітва мая сустракае Цябе. 
 15  Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, Ты пакінуў душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне? 
 16  З маленства я прыгнечаны і паміраю; пераносячы жахі Твае, я зьнямогся. 
 17  Нада мною прайшоў жар [гневу] Твайго, пагрозы Твае вынішчаюць мяне, 
 18  атачаюць мяне, як вада, кожны дзень, абступаюць мяне разам. 
 19  Ты аддаліў ад мяне тых, што любяць [мяне], і бліжніх, знаёмыя мае — у цемры.