Пс 97
 1  ГОСПАД валадарыць! Няхай радуецца зямля, няхай весяліцца мноства астравоў! 
 2  Хмары і імгла навакол Яго; праведнасьць і суд — падставы пасаду Ягонага. 
 3  Агонь ідзе перад абліччам Ягоным і паліць наўкола супраціўнікаў Ягоных. 
 4  Маланкі Ягоныя сусьвет асьвятляюць; бачыць гэта зямля і дрыжыць. 
 5  Горы топяцца, быццам воск, ад аблічча ГОСПАДА, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі. 
 6  Апавядаюць нябёсы праведнасьць Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную. 
 7  Асаромяцца ўсе, што балванам служаць, што ідаламі сваімі хваляцца. Пакланіцеся Яму, усе богі! 
 8  Чуе гэта Сыён і весяліцца, і радуюцца дочкі Юдавы дзеля судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ! 
 9  Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, над усёй зямлёй Найвышэйшы, Ты ўзьнёсся па-над усімі багамі. 
 10  Вы, што любіце ГОСПАДА, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы багабойных Сваіх, з рукі бязбожных выратоўвае іх. 
 11  Сьвятло ўзыходзіць для праведніка, і радасьць — для шчырых сэрцам. 
 12  Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай!