Пс 122
 1  Сьпеў узыходжаньня. Давіда. Узрадаваўся я, калі мне сказалі: “Хадзем у дом ГОСПАДА!” 
 2  Вось, ногі нашыя стаяць у брамах тваіх, Ерусаліме! 
 3  Ерусаліме! Ты пабудаваны, як горад, які злучаны разам, 
 4  куды ўваходзяць калены, калены ГОСПАДАВЫ, як сьведчаньне для Ізраіля славіць імя ГОСПАДА, 
 5  бо там стаяць пасады судовыя, пасады дому Давідавага. 
 6  Прасіце пра супакой для Ерусаліму! Няхай маюць спакой тыя, што любяць цябе. 
 7  Супакой няхай будзе ў мурах тваіх, дабрабыт у палацах тваіх. 
 8  Дзеля братоў маіх і бліжніх маіх кажу цяпер: “Супакой табе!” 
 9  Дзеля дому ГОСПАДА, Бога нашага, буду шукаць дабра для цябе.