2 Кар 13
 1  Ужо ў трэці раз я іду да вас. Пры вуснах двух сьведкаў або трох будзе стаяць кожнае слова. 
 2  Я раней казаў і папярэджваю, як прысутны ў вас другі раз, і цяпер, адсутны, пішу да тых, якія раней зграшылі, і ўсіх іншых, што, калі зноў прыйду, ня буду шкадаваць. 
 3  Вы шукаеце доказу, што ў-ва мне гаворыць Хрыстос, Які не слабы для вас, але моцны ў вас. 
 4  Бо хоць Ён і ўкрыжаваны ў нядужасьці, але жывы сілаю Божай; і мы слабыя ў Ім, але будзем жывыя з Ім сілаю Божаю ў вас. 
 5  Выпрабуйце саміх сябе, ці вы ў веры? Саміх сябе выспрабуйце. Ці вы ня ведаеце саміх сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба што вы ў нечым няздатныя. 
 6  А спадзяюся, што вы даведаецеся, што мы не няздатныя. 
 7  Мы ж молімся да Бога, каб вы не рабілі аніякага ліха, не каб нам выглядаць вартымі, але каб вы рабілі дабро, а мы былі як няздатныя. 
 8  Бо мы нічога ня можам супраць праўды, а толькі за праўду. 
 9  Бо мы радуемся, калі мы слабыя, а вы моцныя; і пра гэта і молімся, пра вашую дасканаласьць. 
 10  Дзеля гэтага я і пішу гэтае, адсутны, каб, прысутны, ня дзейнічаў сувора паводле ўлады, якую даў мне Госпад на збудаваньне, а не на руйнаваньне. 
 11  Нарэшце, браты, радуйцеся, рабіцеся дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, жывіце ў супакоі, і Бог любові і супакою будзе з вамі. 
 12  Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас усе сьвятыя. 
 13  Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Божая, і супольнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амэн.