2 Тэс 2
 1  Просім вось вас, браты, дзеля прыйсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашага зграмаджэньня перад Ім, 
 2  не хістайцеся пасьпешна розумам і не трывожцеся ані праз духа, ані праз слова, ані праз пасланьне, нібы ад нас, што быццам надыйшоў дзень Хрыстовы. 
 3  Няхай ніхто аніяк вас ня зводзіць, бо [дзень гэты ня прыйдзе], пакуль ня прыйдзе перш адступніцтва і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы, 
 4  які супрацівіцца і вывышаецца па-над усё, што называецца Богам ці чаму пакланяюцца, так што ў сьвятыні Божай засядзе ён як бог, заяўляючы пра сябе, што ён — бог. 
 5  Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае? 
 6  І цяпер ведаеце, што трымае, каб адкрыцца яму ў свой час. 
 7  Бо таямніца беззаконьня ўжо дзейнічае, няхай толькі той, што трымае цяпер, будзе забраны спасярод. 
 8  І тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыйсьця Свайго, 
 9  таго, якога прыйсьце праз дзеяньне шатана, будзе з усёй сілаю, і знакамі, і фальшывымі цудамі, 
 10  і з усякім ашуканствам няправеднасьці для тых, якія гінуць з-за таго, што не прынялі любові праўды, каб ім быць збаўленымі. 
 11  І з-за гэтага пашле ім Бог дзеяньне аблуды, каб верылі хлусьні, 
 12  каб былі асуджаныя ўсе, якія не паверылі праўдзе, але ўпадабалі няправеднасьць. 
 13  А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, улюбёныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне, 
 14  да якога і паклікаў вас праз Эвангельле нашае на атрыманьне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста. 
 15  Дык, браты, стойце і трымайцеся традыцыі, якой вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае. 
 16  Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы, 
 17  няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і справе добрай.