ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ  
 Дз 1
 1  Што праўда, першае слова ўчыніў я, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і навучаць 
 2  да таго дня, у які быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога загады апосталам, якіх выбраў, 
 3  і перад якімі зьявіў Сябе жывым пасьля цярпеньняў Сваіх са шматлікімі доказамі, на працягу сарака дзён паказываючыся ім і кажучы пра Валадарства Божае. 
 4  І, сабраўшы іх, загадаў ім: «Не адыходзьце з Ерусаліму, але чакайце на абяцаньне Айца, пра якое вы чулі ад Мяне, 
 5  што Ян хрысьціў вадою, а вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым». 
 6  А яны, зыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: «Госпадзе, ці ня ў гэты час Ты адновіш валадарства Ізраіля?» 
 7  Ён жа сказаў ім: «Ня вам ведаць час ці пару, якія Айцец паклаў ва ўладзе Сваёй, 
 8  але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі». 
 9  І, сказаўшы гэтае, Ён быў падняты, калі яны глядзелі [на Яго], і воблака ўзяло Яго ад вачэй іхніх. 
 10  І калі яны ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзеньні 
 11  і сказалі: «Мужы Галілейскія! Чаго вы стаіцё, гледзячы ў неба? Гэты Ісус, узяты ад вас у неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, што ідзе ў неба». 
 12  Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, называнай Аліўнай, што блізка ад Ерусаліму, за дзень суботні ходу. 
 13  І, калі прыйшлі, узыйшлі ў залю, дзе былі Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алфеяў і Сымон Зілот, і Юда Якубаў. 
 14  Усе яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі, і Марыяй, маці Ісуса, і братамі Ягонымі. 
 15  І ў тыя дні Пётар, устаўшы сярод вучняў, сказаў, — а была грамада імёнаў разам каля ста дваццаці: 
 16  «Мужы браты! Мусіла споўніцца тое Пісаньне, якое казаў раней Дух Сьвяты праз вусны Давіда пра Юду, што стаўся павадыром тых, якія схапілі Ісуса, 
 17  што быў ён палічаны з намі, і выпала яму жэрабя служэньня гэтага. 
 18  Ён, што праўда, прыдбаў поле за нагароду няправеднасьці і, рынуўшыся, разьдзёрся папалове, і вываліліся ўсе ўнутранасьці ягоныя, 
 19  і сталася гэта вядома ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, так што поле тое названае на іхняй мове Акельдама, гэта ёсьць Поле крыві. 
 20  Бо напісана ў кнізе Псальмаў: “Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто не жыве ў ім”, і: “Урад ягоны няхай возьме іншы”. 
 21  Дык з тых мужоў, якія зыходзіліся з намі праз увесь час, калі прыходзіў і выходзіў да нас Госпад Ісус, 
 22  пачынаючы ад хрышчэньня Янавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін з іх мусіць стацца разам з намі сьведкам уваскрасеньня Яго». 
 23  І паставілі двух: Язэпа, называнага Барсабам, якога звалі Юстам, і Мацея, 
 24  і, молячыся, сказалі: «Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў 
 25  узяць жэрабя служэньня гэтага і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на месца сваё». 
 26  І кінулі жэрабя пра іх, і ўпала жэрабя на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.