Гал 2
 1  Пасьля, праз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерусалім з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта. 
 2  Хадзіў жа я паводле адкрыцьця і прадставіў ім, асабліва тым, якія лічацца [галоўнымі], Эвангельле, якое абвяшчаю сярод паганаў, ці не надарма бягу або бег? 
 3  Але і Ціт, які быў са мною, які быў Грэк, ня быў змушаны абрэзацца. 
 4  Фальшывым жа братам, якія паўкрадаліся і прыйшлі падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб зьняволіць нас, 
 5  мы ні на гадзіну не паддаліся і не падпарадкаваліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас. 
 6  А тыя, якія лічацца [галоўнымі], (хоць якія яны былі некалі, для мяне няма розьніцы, [бо] Бог не зважае на аблічча чалавека), тыя, якія лічацца [галоўнымі], мне нічога не пярэчылі, 
 7  але наадварот, убачыўшы, што мне даверана Эвангельле [для] неабрэзаных, як Пятру — [для] абрэзаных, 
 8  бо Той, Які дзейнічаў праз Пятра ў апостальстве ў абрэзаных, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, 
 9  і пазнаўшы ласку, якая дадзена мне, Якуб, і Кіфа, і Ян, якія лічацца слупамі, далі мне і Барнабу правіцу супольнасьці, каб мы [ішлі] да паганаў, а яны — да абрэзаных, 
 10  толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што я гэтаксама і намагаўся рабіць. 
 11  Калі ж Пётар прыйшоў у Антыёхію, я асабіста супрацьстаў яму, таму што [варта] было ганіць [яго]. 
 12  Бо перад тым, як прыйшлі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі; а калі яны прыйшлі, ухіляўся і аддзяляўся, баючыся абрэзаных. 
 13  І з ім крывадушнічалі іншыя Юдэі, так што нават Барнаба быў захоплены іхняй крывадушнасьцю. 
 14  Але калі я ўбачыў, што яны ня ходзяць проста паводле праўды Эвангельскай, я сказаў Пятру пры ўсіх: «Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму паганаў змушаеш жыць па-юдэйску?» 
 15  Мы паводле прыроды Юдэі, а не з паганаў грэшнікі, 
 16  ведаючы, што чалавек апраўдваецца не праз учынкі Закону, а толькі праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз учынкі Закону, бо праз учынкі Закону ня будзе апраўданае ніводнае цела. 
 17  А калі, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы самі аказаліся грэшнікамі, дык ці Хрыстос — служыцель грэху? Няхай ня станецца! 
 18  Бо калі я зноў будую тое, што зруйнаваў, сам сябе зьяўляю парушальнікам. 
 19  Бо праз Закон я памёр для Закону, каб жыць для Бога. 
 20  Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, жыву праз веру ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і выдаў Сябе за мяне. 
 21  Не адкідаю ласкі Божае. Бо калі праз Закон праведнасьць, дык Хрыстос надарма памёр.