ПАСЛАНЬНЕ ДА ГЕБРАЯЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА  
 Гебр 1
 1  Бог, Які шмат разоў і шматлікімі спосабамі здаўна гаварыў да бацькоў праз прарокаў, 
 2  у апошнія гэтыя дні прамовіў да нас праз Сына, Якога паставіў за спадкаемцу ўсяго, праз Якога і вякі ўчыніў. 
 3  Ён, будучы зьзяньнем славы і выразам існасьці Ягонай і ўсё словам моцы Сваёй трымаючы, учыніўшы праз Сябе ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышынях, 
 4  стаўшыся лепшым за анёлаў нагэтулькі, наколькі слаўнейшае за іх успадкаеміў імя. 
 5  Бо каму з анёлаў сказаў Ён калі: «Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»? 
 6  А калі ізноў уводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «І няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя». 
 7  А наконт анёлаў кажа: «Ён робіць анёламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя агню». 
 8  А наконт Сына: «Пасад Твой, Божа, на век вечны; кій правасьці — кій валадарства Твайго. 
 9  Ты палюбіў праведнасьць і зьненавідзеў беззаконьне. Дзеля гэтага памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем весялосьці больш за таварышаў Тваіх». 
 10  І: «Ты напачатку, Госпадзе, умацаваў зямлю, і неба — справа рук Тваіх; 
 11  яны загінуць, а Ты застаешся; і ўсе, як шаты, састарэюць, 
 12  і, як адзеньне, Ты скруціш іх, і яны зьменяцца; а Ты — Той Самы, і гады Твае ня скончацца». 
 13  А наконт каго з анёлаў сказаў Ён калі: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх»? 
 14  Ці ня ўсе яны — паслугавальныя духі, якія пасланыя на служэньне дзеля тых, якія маюць успадкаеміць збаўленьне?