КНІГА ПРЫПОВЕСЬЦЯЎ  
 Разьдзел 1
 1  Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля, 
 2  каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму, 
 3  каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці. 
 4  каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць. 
 5  Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі, 
 6  каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія. 
 7  Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем. 
 8  Сыне мой, паслухай перасьцярогаў бацькі свайго і не адкідай павучаньняў маці сваёй, 
 9  бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя каралі на шыі тваёй. 
 10  Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх. 
 11  Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця крыві; наставім без прычыны пастку на нявіннага; 
 12  праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу; 
 13  знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю. 
 14  Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх». 
 15  Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу сваю ад сьцежкі іхняй, 
 16  бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві. 
 17  Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго птаства. 
 18  А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы? сваёй. 
 19  Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу таго, хто завалодае ім. 
 20  Мудрасьць гукае на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой, 
 21  на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы: 
 22  «Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем? 
 23  Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае. 
 24  Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі. 
 25  Вы ўзгардзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае. 
 26  Дык і я буду сьмяяцца з вашага падзеньня, і насьмяхацца буду, калі прыйдзе на вас жах. 
 27  Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхор, калі прыйдуць на вас трывога і гора, 
 28  тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, шукаць мяне будуць, і ня знойдуць мяне. 
 29  Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху ГОСПАДАВА, 
 30  і не пайшлі за маімі парадамі, і ўзгардзілі маімі перасьцярогамі. 
 31  Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі. 
 32  Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх. 
 33  А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла».