Разьдзел 3
 1  Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае, 
 2  бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе. 
 3  Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго, 
 4  і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей. 
 5  Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам сваім і не абапірайся на розум свой. 
 6  Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае. 
 7  Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты. 
 8  Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем косткам тваім. 
 9  Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх, 
 10  і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном. 
 11  Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДАВА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе, 
 12  бо каго любіць ГОСПАД, таго карае, як бацька, які спагадае сыну. 
 13  Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне. 
 14  Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата. 
 15  Яна — каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю. 
 16  Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ — багацьце і слава. 
 17  Шляхі яе — шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя — супакой. 
 18  Яна — дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе. 
 19  ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам. 
 20  Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою. 
 21  Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць. 
 22  І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй. 
 23  Тады пойдзеш бясьпечна шляхам сваім, і нага твая не пахісьнецца. 
 24  Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі. 
 25  Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе, 
 26  бо ГОСПАД будзе тваім спадзяваньнем і захавае нагу тваю ад пасткі. 
 27  Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта. 
 28  Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе. 
 29  Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна. 
 30  Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога. 
 31  Не зайзросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага з шляхоў яго, 
 32  бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з правымі Ён сябруе. 
 33  Праклён ГОСПАДАЎ на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе. 
 34  Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае. 
 35  Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя насіць будуць ганьбу.