Разьдзел 16
 1  Да чалавека [належыць] меркаваньне сэрца, але ад ГОСПАДА адказ языка. 
 2  Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае душы. 
 3  Ускладзі на ГОСПАДА ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца. 
 4  Усё зрабіў ГОСПАД дзеля Сябе, і нават бязбожніка на дзень ліхі. 
 5  Агіда для ГОСПАДА кожны пыхлівы сэрцам, можна паручы?цца, ён не застанецца непакараным. 
 6  Міласэрнасьцю і праўдай адкупляецца беззаконьне, і страх ГОСПАДАЎ адводзіць ад зла. 
 7  Калі ГОСПАДУ даспадобы шляхі чалавека, Ён нават ворагаў ягоных пагодзіць з ім. 
 8  Лепш малое ў праведнасьці, чым багатыя прыбыткі ў беззаконьні. 
 9  Сэрца чалавека абдумвае шлях свой, але ГОСПАД накіроўвае крокі ягоныя. 
 10  Калі слова натхнёнае ў вуснах валадара, у судзе ня будзе падступным язык ягоны. 
 11  Вага і шалі справядлівыя — ад ГОСПАДА, і ўсе камяні ваговыя ў торбе — справа Ягоная. 
 12  Агіда для валадара — учынкі бязбожныя, бо пасад умацоўваецца праведнасьцю. 
 13  Падабаюцца валадару вусны праведныя, і таго, хто гаворыць праўдзіва, ён любіць. 
 14  Гнеў валадара — весьнік сьмерці, але мудры чалавек улагодзіць яго. 
 15  У сьвятле аблічча валадара — жыцьцё, і зычлівасьць ягоная — як воблака з позьнім дажджом. 
 16  Нашмат лепш прыдбаць мудрасьць, чым золата, і лепей прыдбаць розум, чым срэбра. 
 17  Шырокая дарога правых — адвярнуцца ад зла; хто пільнуе шлях свой, той захоўвае душу сваю. 
 18  Перад загубай ідзе пыхлівасьць, і перад падзеньнем — дух ганарысты. 
 19  Лепш скарацца духам з пакорнымі, чым дзяліць здабычу з пыхліўцамі. 
 20  Разважлівы ў слове знойдзе добрае, і той, хто спадзяецца на ГОСПАДА, — шчасьлівы. 
 21  Мудрага сэрцам называюць разумным, і слодыч вуснаў павялічвае веды. 
 22  Розум — крыніца жыцьця для тых, хто мае яго, але настаўленьне неразумных — глупства. 
 23  Сэрца мудрага робіць разважлівымі вусны ягоныя і мове ягонай дадае ведаў. 
 24  Прыемныя словы — сотавы мёд, асалода для душы і лекі для цела. 
 25  Ёсьць шлях, які слушны ў вачах чалавека, але канец яго — шляхі сьмерці. 
 26  Работнік цяжка працуе для сябе, бо рот ягоны прымушае яго. 
 27  Чалавек нягодны ліхоцьце рыхтуе, і ў вуснах ягоных нібы агонь, які паліць. 
 28  Чалавек падступны сее звадкі, і пляткар разьдзяляе сяброў. 
 29  Чалавек злачынны зводзіць бліжняга свайго і вядзе яго на шлях нядобры, 
 30  прыплюшчвае вочы свае, каб прыдумляць подступ, кры?віць губы свае, робячы ліха. 
 31  Сівізна — слаўная карона, на шляху праведнасьці знаходзяць яе. 
 32  Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду. 
 33  Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад ГОСПАДА ўсе суды яго.