Разьдзел 25
 1  Гэта таксама прыповесьці Салямона, сабраныя людзьмі Эзэкіі, валадара Юды. 
 2  Слава Божая — утоіць справу, а слава валадароў — дасьледаваць справу. 
 3  Высокасьць неба, глыбокасьць зямлі і сэрца валадароў недасьледныя. 
 4  Аддзялі жужаль ад срэбра, і выйдзе ў майстра начыньне. 
 5  Прыбяры бязбожніка ад аблічча валадара, і пасад ягоны ўмацуецца праведнасьцю. 
 6  Не ўзьвялічвай сябе перад абліччам валадара і на месцы вялікіх ня стой, 
 7  бо лепш, калі скажуць табе: “Узьніміся вышэй”, чым калі панізяць цябе перад абліччам магната, якога бачылі вочы твае. 
 8  Не кідайся пасьпешліва судзіцца, бо што зробіш у канцы, калі асароміць цябе бліжні твой. 
 9  Вядзі спрэчку з бліжнім тваім і не выяўляй таямніцу іншага, 
 10  каб той, хто пачуе, не ўпікнуў цябе, і каб не зьвярнулася [супраць] цябе гаворка твая. 
 11  Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы. 
 12  Як залатыя завушніцы і аздоба са шчырага золата, так мудрае дакараньне для ўважлівага вуха. 
 13  Як прахалода сьнегу ў дзень жніва, так верны пасланец для таго, хто паслаў яго, ён ажыўляе душу гаспадара свайго. 
 14  Як хмары і вецер без дажджу, так чалавек, які хваліцца падарункам фальшывым. 
 15  Цярплівасьцю пераканаеш начальніка, і лагодны язык ломіць костку. 
 16  [Як] знайшоў мёд, еш, колькі трэба табе, каб ты не пераеў і не званітаваў. 
 17  Стрымай нагу тваю ад дому бліжняга твайго, каб ты не надакучыў яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе. 
 18  Як мачуга, меч і вострая страла, так чалавек, які кажа фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга свайго. 
 19  Як гнілы зуб і кульгавая нага, так надзея на ліхадзея ў дзень бедства. 
 20  Як здымаць адзеньне ў халодны дзень, як [ліць] воцат на салетру, так сьпяваць песьні засмучанаму сэрцу. 
 21  Калі ненавісьнік твой галодны, накармі яго хлебам, калі смагне, напаі яго вадою, 
 22  бо гэтым вугольле зьбіраеш на галаву ягоную, і ГОСПАД аднагародзіць табе. 
 23  Паўночны вецер прыганяе дождж, а язык абмоўніка — гнеў на тварах. 
 24  Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме. 
 25  Як халодная вада для стомленай душы, так добрыя весткі з далёкага краю. 
 26  Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам. 
 27  Як нядобра есьці шмат мёду, так дамагацца сваёй славы ня ёсьць слава. 
 28  Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім.