ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА КАРЫНЬЦЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА  
 1 Кар 1
 1  Павал, з волі Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Састэн, брат, — 
 2  царкве Божай, якая ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, якія прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім месцы, у іх і ў нас: 
 3  ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 
 4  Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, дадзенае вам у Хрысьце Ісусе, 
 5  бо ўсім вы ўзбагаціліся ў Ім, усякім словам і ўсякім веданьнем, — 
 6  бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьверджана ў вас, — 
 7  так што вы ня маеце нястачы ані ў якім дары, чакаючы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста, 
 8  Які і ўгрунтуе вас да канца быць бездакорнымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста. 
 9  Верны Бог, праз Якога вы пакліканыя ў супольнасьць Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Госпада нашага. 
 10  Малю вас, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы казалі тое самае, і не было між вамі падзелаў, але каб вы былі злучаны ў тым самым розуме і ў той самай думцы. 
 11  Бо паведамлена мне ад Хлоіных пра вас, браты мае, што між вамі ёсьць сваркі. 
 12  А кажу пра тое, што кожны з вас кажа: «Я — Паўлавы», «А я — Апалёсавы», «А я — Кіфавы», «А я — Хрыстовы». 
 13  Ці разьдзяліўся Хрыстос? Ці Павал быў укрыжаваны за вас? Ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя? 
 14  Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, акрамя Крыспа і Гая, 
 15  каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя. 
 16  Ахрысьціў я таксама дом Стэфана, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ведаю. 
 17  Бо Хрыстос паслаў мяне не хрысьціць, але дабравесьціць, і ня ў мудрасьці слова, каб не прынізіць крыжа Хрыстовага. 
 18  Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, ёсьць глупства, а для нас, якія ідуць на збаўленьне, — сіла Божая. 
 19  Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрых і розум разумных адкіну». 
 20  Дзе мудры? Дзе кніжнік? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасьць сьвету гэтага глупствам? 
 21  Бо калі сьвет праз мудрасьць не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, спадабалася Богу праз глупства пропаведзі збавіць тых, якія вераць. 
 22  Бо і Юдэі просяць знакаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці; 
 23  а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў — згаршэньне, а для Грэкаў — глупства, 
 24  а для тых, якія пакліканыя, і Юдэяў, і Грэкаў, — Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць. 
 25  Бо тое, што дурное ў Бога, мудрэйшае за людзей, і тое, што слабое ў Бога, дужэйшае за людзей. 
 26  Бо паглядзіце, браты, на пакліканьне вашае, што ня шмат [сярод вас] мудрых паводле цела, ня шмат магутных, ня шмат высакародных, 
 27  але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных, 
 28  і бязроднае сьвету, і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць, 
 29  каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім. 
 30  А вы з Яго ў Хрысьце Ісусе, Які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем, 
 31  каб было, як напісана: «Хто хваліцца, няхай у Госпадзе хваліцца».