ДРУГОЕ ПАЎСЮДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АПОСТАЛА ПЯТРА  
 2 Пт 1
 1  Сымон Пётар, слуга і апостал Ісуса Хрыста, — тым, якія прынялі з намі роўна каштоўную веру ў праведнасьці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста: 
 2  ласка вам і супакой няхай памножацца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага. 
 3  Як Боская моц Ягоная падаравала нам усё дзеля жыцьця і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю, 
 4  праз якія падараваныя нам найвялікшыя і каштоўныя абяцаньні, каб праз іх сталіся вы супольнікамі Боскае прыроды, пазьбегнуўшы сапсутасьці ў пажаданьні, якое ў сьвеце, 
 5  дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсякую дбайнасьць, зьявіце ў веры вашай цноту, а ў цноце — разуменьне, 
 6  а ў разуменьні — стрыманасьць, а ў стрыманасьці — цярплівасьць, а ў цярплівасьці —пабожнасьць, 
 7  а ў пабожнасьці — браталюбства, а ў браталюбстве — любоў. 
 8  Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажаецца, вы не застанецеся бязьдзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста. 
 9  Бо хто ня мае гэтага, той сьляпы, невідушчы, забыўся, што атрымаў ачышчэньне даўнейшых сваіх грахоў. 
 10  Дзеля гэтага, браты, яшчэ больш намагайцеся рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне, бо гэтак робячы, ніколі не спатыкняцёся, 
 11  бо гэтак шырока зьявіцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. 
 12  Дзеля гэтага я ня буду занядбоўваць заўсёды нагадваць вам пра гэтае, хоць вы і ведаеце гэта, і ўмацаваныя ў гэтай праўдзе. 
 13  Справядлівым жа лічу, пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне, пабуджаць вас нагадваньнем, 
 14  ведаючы, што хутка пакіну маю будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне паведаміў. 
 15  Але буду намагацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды ўспаміналі гэтае. 
 16  Бо мы зрабілі вядомымі вам моц і прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за мудрагелістымі байкамі ідучы сьледам, але быўшы відавочцамі велічы Ягонай, 
 17  бо Ён прыняў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнае славы зыйшоў да Яго гэтакі голас: «Гэта ёсьць Сын Мой улюблёны, у Якім маю ўпадабаньне». 
 18  І гэты голас, які зыходзіў з неба, мы чулі, быўшы з Ім на гары сьвятой. 
 19  І мы маем цьвёрдае прарочае слова, і вы добра робіце, што зважаеце на яго, як на сьветач, што сьвеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне днець і ня ўзыйдзе зараніца ў сэрцах вашых, 
 20  разумеючы спачатку, што ніякае прароцтва з Пісаньня ня мае адвольнага тлумачэньня, 
 21  бо ніколі прароцтва не прыносілася воляй чалавека, але гаварылі яго сьвятыя Божыя людзі, ведзеныя Духам Сьвятым.