ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ТЭСАЛОНЦАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА  
 2 Тэс 1
 1  Павал, і Сілуан, і Цімафей — царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце: 
 2  ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 
 3  Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як належыцца, бо моцна ўзрастае вера вашая і памнажаецца любоў кожнага адзін да аднаго між усімі вамі, 
 4  так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля цярплівасьці вашай і веры ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і прыгнётах, якія вы пераносіце, 
 5  на выяўленьне праведнага суду Божага, каб вам быць вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і пакутуеце. 
 6  Бо праведна перад Богам адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць, 
 7  а вам, прыгнятаным, — патоляй разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з неба з анёламі сілы Яго, 
 8  Які ў полымі агню зьдзяйсьняе помсту над тымі, што ня ведаюць Бога і не паслухмяныя Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста. 
 9  Яны атрымаюць прысуд — вечнае зьнішчэньне, ад аблічча Госпада і ад славы магутнасьці Яго, 
 10  калі Ён прыйдзе ўславіцца ў сьвятых Сваіх і стацца дзівосным у дзень той у-ва ўсіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню сярод вас. 
 11  Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі пакліканьня і споўніў з моцаю ўсякае ўпадабаньне добрасьці і справу веры, 
 12  каб праславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.