ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАФЕЯ АПОСТАЛА ПАЎЛА  
 2 Цім 1
 1  Павал, апостал Ісуса Хрыста воляй Божай, паводле абяцаньня жыцьця, што ў Хрысьце Ісусе, — 
 2  Цімафею, улюбёнаму дзіцяці: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага. 
 3  Дзякую Богу, Якому служу ад бацькоў з чыстым сумленьнем, што няспынна ўзгадваю пра цябе ў просьбах маіх уночы і ўдзень, 
 4  жадаючы бачыць цябе, памятаючы пра сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю, 
 5  прыводзячы на памяць некрывадушную веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Ляідзе і ў маці тваёй Эўніцы, і я перакананы, што і ў табе. 
 6  Дзеля гэтае прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсьць у табе праз ускладаньне рук маіх, 
 7  бо даў нам Бог ня духа палахлівасьці, але сілы, і любові, і цьвярозага мысьленьня. 
 8  Дык не саромся сьведчаньня Госпада нашага, ані мяне, вязьня Ягонага, але перанось цяжкасьці разам з Эвангельлем паводле сілы Бога, 
 9  Які збавіў нас і паклікаў пакліканьнем сьвятым, не паводле ўчынкаў нашых, але паводле вызначэньня Свайго і ласкі, дадзенае нам у Хрысьце Ісусе перад вечнымі часамі, 
 10  а цяпер выяўленае праз зьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які зьнішчыў сьмерць і зьявіў жыцьцё і незьнішчальнасьць праз Эвангельле, 
 11  для якога я пастаўлены весьнікам, і апосталам, і настаўнікам паганаў. 
 12  Дзеля гэтае прычыны я і цярплю гэтак, але не саромлюся, бо ведаю, у Каго я паверыў, і перакананы, што Ён моцны, каб захаваць перададзенае праз мяне на той дзень. 
 13  Мей за прыклад здаровыя словы, якія ты чуў ад мяне, у веры і любові, што ў Хрысьце Ісусе. 
 14  Захоўвай тое добрае, што перададзена [табе], праз Духа Сьвятога, Які жыве ў нас. 
 15  Ты ведаеш, што адвярнуліся ад мяне ўсе, якія ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген. 
 16  Няхай дасьць Госпад літасьць дому Анісіфора, бо ён часта падмацоўваў мяне і не саромеўся ланцугоў маіх, 
 17  але, калі быў у Рыме, дужа шукаў мяне і знайшоў. 
 18  Няхай дасьць яму Госпад знайсьці літасьць у Госпада ў той дзень; і колькі ён служыў у Эфэсе, ты лепей ведаеш.